Гісторыя аднаго медаля

Общественность

 

       

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

  Пяцікласніца гімназіі Ганна Журава вывучыла лёс сямейнай рэліквіі – імператарскага памятнага медаля – і распачала самастойнае генеалагічнае даследаванне.

У  Полацкім княстве юнакі праходзілі абавязковы экзамен на сталасць. Яны здавалі шэраг фізічных іспытаў, а таксама расказвалі супляменнікам пра сваіх продкаў да пятага калена. Хто не мог справіцца з гэтым заданнем, той не меў права звацца мужчынам. Сёння мала хто з падлеткаў ды і са сталых людзей змог бы прайсці такое выпрабаванне. Бягуць гады, забіраючы з сабою памяць пра нашых продкаў, успаміны пра падзеі далёкай мінуўшчыны. Узгадаць імёны і біяграфіі продкаў хаця б да трэцяга калена (да прадзедаў і прабабак) – цяжкая задача для сучаснага чалавека. Аднак ёсць і прыемныя выключэнні: некаторыя маладыя людзі апантана спрабуюць вывучыць па драбніцах гісторыю свайго роду. Пошукамі каранёў у даволі юным узросце занялася вучаніца 5 класа гімназіі Ганна Журава, а натхніла яе на даследаванне сямейная рэліквія – медаль “У памяць 300-годдзя царствавання дома Раманавых”.

Прабабуля дзяўчынкі Ефрасіння Якаўлеўна Журава (Нарбут) доўгія гады захоўвае як памяць аб мінулым юбілейны медаль да 300-годдзя царствавання Раманавых, які належаў яе бацьку Якаву Браніслававічу Нарбуту. Узнагарода зацікавіла дапытлівую Ганну, і разам з настаўніцай гісторыі Аленай Анатольеўнай Каротчыкавай яна распачала ўласнае даследаванне.

         З дапамогай бацькоў і настаўніцы дзяўчынка шукала інфармацыю ў гістарычнай і даведачнай літарутры, у Інтэрнэце, праводзіла інтэрв’ю са старэйшымі членамі сям’і. Ганне ўдалося даведацца, што ўладальнік імператарскага медаля, яе прапрадзед, Якаў Браніслававіч Нарбут служыў 9 гадоў на мінным загараджальніку расійскага флоту “Амур”. Гэты карабль праславіўся актыўнымі міннымі пастаўкамі ў раёне Порт-Артура падчас руска-японскай вайны 1905-1907 гадоў. Вынікам паставак стала знішчэнне японскіх браняносцаў “Хацусэ” і “Ясіма”.

         У 1913 годзе ў Расійскай імперыі адзначаўся трохсотгадовы юбілей царствавання Раманавых. “Дабы достойно ознаменовать нынешний торжественный день и увековечить его в памяти народной”, 21 лютага 1913 года загадам імператара Мікалая ІІ быў зацверджаны юбілейны медаль “У памяць 300-годдзя дома Раманавых”. Адным з узнагароджаных за бездакорную службу быў Якаў Нарбут.

         Таксама Ганна падчас працы з гістарычнымі крыніцамі дазналася, што бацька Якава Нарбута Браніслаў служыў рэгентам (кіраўніком хору) Свята-Мікалаеўскай царквы на Гомельшчыне. У знак пашаны царкоўнае кіраўніцтва падаравала Браніславу Нарбуту ікону, якую сёння беражліва захоўваюць у сям’і Журавых.

         Ганна пакуль што адкрыла толькі маленькую частку летапісу свайго роду. Яна плануе звярнуцца ў Нацыянальны гістарычны архіў, каб працягнуць генеалагічнае даследаванне. А многім дарослым варта узяць прыклад з Ганны Журавай і яе сям’і, у якой ведаюць і шануюць свае вытокі. 

Данііл Шэйка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.