Мельнікаў Леў Фёдаравіч

Культура

Мельнікаў Леў Фёдаравіч нарадзіўся 02.01.1934 года ў в. Возера Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Маці яшчэ ў раннім дзяцінстве заўважыла ў сына добры голас і цікавасць да музыкі. Купіла яму губны гармонік. З цягам часу набыла і сапраўдны  тульскі гармонік. Пра першую навуку Леў Фёдаравіч ўспамінае: “Гадзінамі займаўся дома. Пачынаў з частушак, бо яны лёгка засвойваюцца. А атрымалася – пайшоў настрой. Там пайшлі народныя песні, а потым больш сучасныя. Галоўнае настрой, з якім ты іграеш. Калі ёсць насторой – і тэхніка лёгка кладзецца… Як  душа спявае, дык гранне само сабой атрымліваецца”.

Лёс прывёў Льва Фёдаравіча ў вёску Новая Дуброва.  Тут, ды і не толькі, дзякуючы непраўзыдзенаму таленту, любові да любімай справы,  стаў вядомым і аўтарытэтным у мясцовых ваколіцах  гарманістам і спеваком.У Новадуброўскім клубе, дзе многа гадоў працавала загадчыцай жонка, Валянціна Трафімаўна, стварыўся знакаміты фальклорны калектыў, нязменным акампаніятарам якога стаў Леў Фёдаравіч. Калектыў неаднаразова прымаў удзел у фестывалі фальклорнага мастацтва  “Берагіня, быў адзначаны ўзнагародамі. Леў Фёдаравіч за сваю шматгадовую працу і актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці раёна  ўзнагароджаны медалём  “Ветэран працы”, нагрудным знакам “Ударник труда” , шматлікімі граматамі. На пытанне, як сам іграе, кажа: “У мяне больш імправізацыі. Канечне, я не кажу, што ўсё маё: ад некага пачуў, нешта ўзяў, усё разам сабраў – так і іграю. Гармошка для мяне – гэта радасць. Люблю свой інструмент. Слухаў бы і слухаў яго… Яна мне, як жывая рэч…”.

 У  асобе знакамітага  музыкі жыве творчая  натура. Ён яшчэ займаўся  і выбіваннем дываноў, і разьбой  па дрэве.  Яго дом сярод астатніх у вёсцы  вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю. Многія драўляныя рэчы, цудоўна  апрацававаныя майстрам, былі прадстаўлены на выставах і займалі прызавыя месцы ў раённых і абласных конкурсах вырабаў.  Заслужана яго дом прызнаны  ўзорным у вёсцы. Займаецца вырошчваннем пакаёвых кветак, толькі герані каля 40 відаў!

Жыццё склалася ўдала. З Валянцінай Трафімаўнай пражыў разам каля 50 гадоў. Больш за 13 год побач, на жаль, няма дарагой  жанчыны, дарадчыцы і надзейнага сябра. Вырасцілі двух дачок –Ларысу і Алену, сына  Уладзіміра. Дзеці даўно дарослыя. У кожнага свая сям’я. Мае пяцёра ўнукаў і праўнука. Але жыццё не спынілася… Гармонік, якім так натхнёна ўпраўляе 84-гадовы! музыка , і цяпер гучыць на поўную сілу, запаўняе душу. 

Любоў да музыкі і спеўнае майстэрства перадалося  сыну Уладзіміру, які жыве ў Данецку. Пераемнасць музыкаў- Мельнікаў працягваецца.

 

Падрыхтавала Людміла Вырвіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.