У Воземлі з вясны да восені

Год малой родины

Час бяжыць, мяняецца. Разам з ім і людзі, і тыя мясціны, дзе жылі і працавалі вяскоўцы. На жаль, некаторыя паселішчы “здаюцца” гэтаму часу і непрыкметна пусцеюць, пакідаючы за сабой душэўны боль ды смутак ад апусцелых старэнькіх хат, зарослых вуліц. Але невялічкая вёска Воземля, у якой засталося некалькі жылых дамоў з лічанымі жыхарамі-старажыламі ды адной працаздольнай сям’ёй, хоць і не такая ўжо, як у былыя часы, аднак трымаецца.

І добра, калі ёсць людзі, якія ўдалечыні ад сваёй малой радзімы мараць пра яе, бачаць у снах і па магчымасці імкнуцца наведвацца ў бацькоўскі куточак. Так, напрыклад, як Яўгенія Балудэ. Яна – карэнная жыхарка Воземлі, сапраўдная беларуска, але даўно ўжо грамадзянка замежнай краіны Латвіі.
Яўгенія Мікалаеўна пра свае вытокі ніколі не забывае. Амаль сорак гадоў кожны свой адпачынак яна абавязкова праводзіла менавіта на малой радзіме. Болей нікуды і не цягнула, не адпускала вёска. А апошнія гады, наогул, жыве ў Воземлі з вясны да восені. І толькі на зіму вяртаецца ў Ліепаю, горад на беразе Балтыйскага мора, які стаў яе другой радзімай. Пасля заканчэння школы маладая дзяўчына падалася туды да родзічаў. Там і засталася, выйшла замуж за марака, нарадзіла дачку і ўжо дачакалася ўнука. А вось бясконцыя мары аб родным куточку, якія не пакідалі яе ў далёкім горадзе, ніколі не давалі спакою. Таму сэрца Яўгеніі Мікалаеўны ўвесь час нібы разрывалася на часткі паміж Латвіяй – замежнай дзяржавай з вялікімі магчымасцямі і малой радзімай – вёскай Воземляй з цудоўнай прыродай, цішынёй, спакоем і надзвычай добрымі людзьмі-аднавяскоўцамі. У душы жанчына пастаянна кідалася туды і назад. А як бацькі састарэлі, прыехала іх даглядаць. На жаль, іх ужо няма, але бацькоўскую хату Яўгенія не пакідае.
Зараз яна тут паўнапраўная гаспадыня і незауважна для сябе робіць карысную і патрэбную справу – беражэ спадчыну і даглядае селішча. Падтрымлівае парадак у доме і на падворку, садзіць соткі, топіць лазню, збірае клубніцы ды з ахвотай гатуе з чырвоных салодкіх ягад варэнне на ўсю сваю радню. Ёсць неабходныя ўмовы для камфортнага жыцця і ў вясковай хаце: вадаправод пад бокам, газ усталяваны, уся неабходная бытавая і электратэхніка маецца. Сама паклапацілася аб дабрабыце. А якая любата запаліць у печы ды прыгатаваць наварысты грыбны боршч ці спячы духмяныя, румяныя ды пышныя аладкі, як калісьці рабіла матуля на ўсю вялікую сям’ю Калянкевічаў, у якой гадавалася шасцёра дзяцей. Але даўно яны разляцеліся па вялікіх і малых гарадах, сталіцах і краінах. Толькі звычайная сялянская хатка ды ўсе рэчы ў ёй нагадваюць аб бесклапотным дзяцінстве. З гэтым селішчам звязаны шматлікія ўспаміны. Яны грэюць душу і пастаянна бударажаць яе, бо родная вёска змянілася з даўніх часоу. Не пазнаць яе зараз, зусім іншая стала: апусцелая і сіратлівая. Але ў хаце да гэтага часу па-ранейшаму пахне свежым хлебам, а на вокнах квітнее герань. Моцна трымаецца ў памяці духмяны пах сена і жужанне чмяля. А ўлетку на вуліцы можна раскласці вогнішча і прыгатаваць шашлык. Няма лепей адчуванняў, калі на світанку ідзеш па расе басанож. Таму і знаходзіць Яўгенія Мікалаеўна ў роднай хаце гармонію душы і цела.Чым не шчасце? Чым не задавальненне?
Нарэшце, такое сялянскае жыццё не горш за мітуслівае гарадское, лічыць жанчына. Прычым, вакол неабсяжная прастора ды свежае паветра. А насупраць хаты – густой сцяной стаіць зялёны бор. Туды Жэнька бегала ў дзяцінстве за ягадамі. Вялікай аматаркай збіраць чарніцы з грыбамі-баравікамі яна засталася і зараз. Не дзеля запасаў, а дзеля душэўнага адпачынку імкнецца Яўгенія Мікалаеўна ў лес на лона прыроды, якую шукаць далёка не трэба. Яна вось тут, побач. Праз вуліцу. Не кожнаму шанцуе нарадзіцца ў такіх замілаваных краях. Напэўна і мясцовыя людзі ад гэтага прыроднага хараства такія цудоўныя, прыгожыя і добразычлівыя. Нездарма ж і Яўгенія Мікалаеўна па сваёй натуры вялікая аптымістка. Шмат чым захапляецца, любіць падарожнічаць. Яна нямала дзе бывала і чаго бачыла ў белым свеце. Нават у Англіі мела намер пажыць. Не. Не “прыжылася” там, бо няма радней у свеце краю, дзе б такой шчаслівай была б яна, дзе можна ганарыцца сваімі землякамі і роднай мовай. Дарэчы, беларускай мовы яна ніколі не саромелася. Яўгенія Мікалаеўна з таго пакалення, якое пасцігала яе з маленства. Ад бабуль, дзядуль, бацькоў чула родную мову ў паўсядзённым ужытку. Таму каларыт роднага слова, яго непаўторнасць запалі ў глыбіню сэрца. Між тым, Яўгенія Мікалаеўна не горш размаўляе і на латышскай. Асабіста для мяне, вядома ж, яна не зразумелая, але паслухаць было даволі цікава, як карэнная вяскоўка з Воземлі шпарка нешта праговорвала не па-нашаму. Сама яна вельмі ганарылася, калі дзе-небудзь за мяжой чула “Калі ласка”, “Добры дзень”.
– Ага! Гэта ж свае людзі – землякі з Беларусі, – з радасцю за іх кажа мая суразмоўца.
Яўгенія Балудэ даўно зрабіла выбар на карысць Бацькаўшчыны. Тут, у Воземлі, яна ўвабрала ад бацькоў любоў да роднай зямлі, імкненне працаваць на ёй, хаця пражыла ўвесь час у горадзе. Тут, з роднай крыніцы, і вадзіца заўсёды была смачнейшая, празрыстая, напоўненая небывалай жыватворнай сілай. Бо ўсё вакол блізкае, роднае, а вёска – назаўсёды застанецца тым месцам, дзе можна адпачыць, і хоць на крыху скінуць з сябе груз паўсядзённых клопатаў.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.