Рыхтуемся да свята

Культура

На мінулым тыдні ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама адбылася нарада, на якой абмяркоўваліся пытанні арганізацыі заключных імпрэзаў юбілейнага Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.
У нарадзе прынялі ўдзел аўтар і кіраўнік праекта Мікола Козенка, галоўны рэжысёр-пастаноўшчык Мікола Дудчанка, работнікі аддзела і ўстаноў культуры раёна.
Фальклорны фэст адбудзецца 20-24 чэрвеня. У яго праграме, як заўсёды, конкурсы пар-выканаўцаў традыцыйных беларускіх побытавых танцаў, спеўных ансамбляў і салістаў, інструментальных ансамбляў, конкурсы на лепшае выкананне карагодаў і традыцыйных гуртавых танцаў. А таксама мы зможам пачуць сакавітае беларускае слова на конкурсе апавядальнікаў беларускай прозы «Несцерка». Чакаюцца у госці замежныя калектывы з Балгарыі, Латвіі, Расіі, Украіны, Эстоніі. З гісторыяй фестывалю можна будзе азнаёміцца на выставах «Рудабельская «Берагіня» ў 20-гадовай прасторы», «Берагіневы раскрэсы», «Асоба ў народнай культуры беларусаў». Адбудзецца прэзентацыя зборнікаў «Народная проза Рудабельскага краю» і «Берагіня» паэтычная».
Традыцыйна ў межах свята народнай творчасці будзем мець магчымасць скокнуць праз ачышчальны агонь на «Рудабельскім Купаллі».
Арганізатары не раскрываюць усіх сваіх задумак, але абяцаюць, што 20-гадовы юбілей «Берагіні» будзе яркім, незвычайным і запамінальным святам.
Алена СТАРЫНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.