Да родных ніў, да роднай хаты. Вяртаемся да вытокаў

Год малой родины

ГОДАМ малой радзімы ў Беларусі аб,яўлены 2018-ы. Усё лепшае ў нас пачынаецца з таго куточка зямлі, дзе назаўсёды застаецца часцінка душы. Зараз самы час успомніць аб сваіх каранях і аддаць доўг мясцінам, дзе з,явіўся на свет і вырас. Нават самы сціплы ўклад адыграе сваю ролю, зробіць старонку больш малаўнічай, бо людзей неабыякавых, таленавітых, хвалюючыхся за свой край у раёне шмат.
Давайце будзем разам шукаць прыклады адраджэння землякамі бацькоўскіх хат, вуліц і нават вёсак. З улікам асаблівай значнасці тэмы павялічваем кола творчага пошуку, які будзе працягвацца цэлы год.
Першая наша сустрэча з жыхаркай Пружынішч – Ларысай Васільеўнай Дайнека.

У розныя часы вёску Пружынішчы Любанскага сельсавета ўслаўлялі працавітыя, старанныя людзі, якія рупіліся пра будучыню бацькоўскага гнязда. Услаўляла працай родны куточак і Ларыса Васільеўна Дайнека. Яна адна з тых, хто не пакінуў сваю малую радзіму. І як было не зазірнуць у яе прыгожы дом па вуліцы Романа, дзе ўжо з надворку было відаць, што жыве тут дбайная гаспадыня. Ноткі радасці ў сялянскі інтэр’ер уносілі акуратна вымеценыя сцежкі на падворку, пафарбаваныя яркім колерам хата ды плот, а цішыню мясцовага наваколля абуджаў толькі брэх сабак.

– Заходзьце, калі ласка, заходзьце. Не саромейцеся, – з добразычлівай і прыветлівай усмешкай на твары сустрэла нас сямідзесяцідвухгадовая Ларыса Васільеўна.
З ёй мы прайшліся па ўладкаваным падворку. Ларыса Васільеўна, як чалавек, які ніколі не абдзеліць павагай ні сваіх, ні чужакоў, настаяла, каб мы прайшлі менавіта ў хату. Казала, што эфект будзе не той, калі не запрасіць дарагіх гасцей да сябе ды не пачаставаць іх. У гэтай сціплай, але дасканала чыстай хаце Ларысе Васільеўне пашанцавала дачакацца не толькі свайго сталага ўзросту, але і сустракаць унукаў і нават праўнукаў, што ўжо можна лічыць падарункам лёсу. Чалавек яна, сапраўды, асаблівы і па свайму характару, і па стаўленню да жыцця. З лёгкасцю ўздыме настрой і прывабіць да размовы любога. Нават у сваім узросце не забывае аб знешнім выглядзе, што ўласціва далёка не кожнай сталай жанчыне. Таму паспяшалася хутчэй знайсці на паліцы шафы новую хусцінку.
– Пачакайце, калі ласка, крыху, пайду ж хустку харошую завяжу, – ласкава звярнулася да нас гаспадыня, – а тады паразмаўляем аб жыцці-быцці.
Яно ў Ларысы Васільеўны лёгкім не было. Сама яна родам з Растава, а ў Пружынішчы прыехала працаваць маладой дзяўчынай у 60-х гадах, так увесь час і пражыла тут. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла дзяцей, але рана засталася без гаспадара, таму амаль ужо сорак год жыве адна. Сама забяспечвала шматдзетную сям’ю.
– Як дзяцей пагадавалі?
Уздыхае:
– Цягнула на сваіх жаночых плячах ўсю хатнюю гаспадарку. Пенсію па страце карміцеля на шасцярых дзяцей атрымлівала ўсяго 59 рублёў. Ды свой невялікі заробак у 60 рублёў быў нейкай дапамогай. Так і трымаліся. Трэба ж было неяк выжываць, сыноў і дачок на ногі ставіць, выхоўваць прыстойнымі людзьмі, каб не горш, чым у іншых, былі. Таму і не паддалася цяжкасцям і выпрабаванням, бо пазітыўныя адносіны да жыцця мела.
Ларыса Васільеўна па жыцці для ўсіх заўсёды была “хуткай дапамогай”. Нават і зараз працягвае, так сказаць, выконваць гэтыя паўнамоцтвы, бо як пайшла на пенсію, стала старастай вёскі Пружынішчы. Так і дапамагае вырашаць надзённыя пытанні аднавяскоўцам, “пралівае” на іх святло, бо ў курсе падзей як у раёне, так і ў краіне. Зараз мясцовых жыхароў у гэтай аддаленай ад райцэнтра глубінцы засталося каля трыццаці. А раней тут было шматлікае насельніцтва. Школа з клубам працавалі. Ферма дзейнічала з большай колькасцю працуючых, чым зараз. Пусцець вёска пачала ў дзевяностых. Моладзь з’язджала ў горад вучыцца, хлопцы ішлі служыць у армію і заставаліся на чужыне. Дзеці Ларысы Васільеўны таксама раз’ехаліся па белым свеце. Старэйшая дачка Зінаіда падалася ў Мазыр. Святлана жыве і працуе ў Гомелі. Сын Анатоль трагічна загінуў. Матуля ледзь вытрымала яго заўчасную страту. Надзея – у Маскве, а двое апошніх сыноў – Уладзімір і Віктар засталіся пры састарэлай матулі, працуюць у мяцовай гаспадарцы і дапамагаюць ёй па хатніх справах. Ларысе Васільеўне ў яе сталым ўзросце гэта вельмі спадручна.
– Мае хлопцы добрая мне дапамога. Вады і дроў наносяць, грубкі прапаляць, а калі трэба, дык і ў хаце прыбяруць, – з гонарам за сыноў кажа маці.
Матэрыяльнае становішча сям’ю не радавала. Адзенне дзецям ва ўцэненай краме маці набывала. Але да святаў абавязкова купляла ім што-небудзь новае. Абутак усім лічбамі назначала, каб кожны ведаў свае рэчы.
– І ніхто ні на што не скардзіўся, не сварыліся, – працягвае руплівіца. – З маленства да працы ўсіх прывучала, бо сама часу на яе ніколі не шкадавала.
З сумам у голасе Ларыса Васільеўна ўзгадала пра сельскую школу, дзе адпрацавала ў пачатковых класах цэлае дзесяцігоддзе. Таго будынка даўно ўжо няма, як і клуба, які яна ўзначальвала сем гадоў. У самадзейную каманду ўваходзілі і дзеці, і дарослыя, настаўнікі, работнікі фермы. Для яе гэта лепшыя годы маладосці, бо да гэтага часу ва ўспамінах канцэрты і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. З сельскім клубам ездзілі па суседніх вёсках. Вось так непрыкметна для саміх мясцовых жыхароў яна разам з імі працягвала культурную спадчыну сваіх продкаў, захоўвала яе для сучаснага пакалення. Маецца за плячыма Ларысы Васільеўны і пятнаццацігадовы вопыт працы ў гандлі. У сельмагу абслугоўвала пакупнікоў. Успамінае, што цяжка было: спытаць парады няма ў каго, але нікога з людзей не пакрыўдзіла.
Часам думкі Ларысы Васільеўны пачынаюць поўніцца настальгічным мінулым. Але жанчыне не маркоціцца. Яшчэ крыху і агародам неабходна будзе займацца. Апрацоўвае кожную вясну ні многа, ні мала – а сотак дзесяць, у дадатак садзіць бульбу на гаспадарчым полі. Рукі Ларысы Васільеўны ніякай працы не баяцца, таму вынік заўсёды на вачах. Летам вялікая частка прысядзібнага ўчастка кавунамі красуецца. Побач града памідораў чырванее. Люба паглядзець і на астатнія дасканала праполатыя градкі з разнастайнай гароднінай. Чаго толькі на іх няма. Нават пераборлівыя баклажаны гаспадыня вырошчвае. Працуе жанчына і саграваецца думкамі аб дзецях, унуках і праўнуках. Для іх усё робіць. А вось сама Ларыса Васільеўна імкнецца не адцягваць родных ад іх жыццёвых клопатаў. Знаходзіць час і на грамадскія справы. Нездарма ж яе старастай аднавяскоўцы абралі. Усе клопаты на ёй. Суседзі без лішняй сціпласці называюць яе сваёй выратавальніцай, бо яна той чалавек, які здольны знайсці кантакт з любым і дапамагчы кожнаму.
– Хтосьці занядужаў – перш да мяне прыходзяць за таблеткай, камусьці трэба памераць ціск – таксама я дапамагаю. Штосьці зламалася – мне скардзяцца, – тлумачыць жанчына. – Спраўляюся часам сама, а па больш важным пытанням тэлефаную да старшыні сельсавета Тамары Міхайлаўны Кароль. Не так даўно рамантавалі на нашай вуліцы калодзеж, дык я кантралявала работнікаў да той пары, пакуль усё не зрабілі. Гэта ж і на маім сумленні. Колькі мне давялося хвалявацца за гэты калодзеж? Пры моцным марозе вадаправодныя калонкі пазамярзаюць, дык усе суседзі да яго шыбуюць. Вось і назірала пільна, каб нашага адзінага “выратавальніка” добрасумленна да ладу прывялі.
Шмат зрабіла для роднай вёскі гэтая жанчына. Пры дапамозе яе актыўнай жыццёвай пазіцыі і цеснай сувязі з мясцовымі органамі самакіравання ў населеным пункце вырашалі шматлікія пытанні мясцовых жыхароў. Дзесьці не гарыць свет альбо пачысціць дарогу трэба, Ларыса Васільеўна апавяшчае старшыню сельсавета. Тэлефон у яе хаце не змаўкаў, нават у час нашага да яе візіту. Звоняць суседзі, ідуць, каб паразмаўляць адзін на адзін. Пасыпаліся ад яе мудрыя парады і ў наш бок. Дарэчы, звярнулася бабуля, каб яе сфатаграфавалі толькі ў прыгожым адзенні. Мне здавалася, што я здымаю не проста жанчыну, а гонар усяго яе сямейства, саму прыгажосць, цеплыню і пяшчоту. Бы восеньскую кветку ўзгадала мне сваім абліччам Ларыса Васільеўна.
Гледзячы на гэтую поўную жыццёвых сіл вяскоўку, не было сумненняў, што для яе галоўнае – гэта сям’я і праца, а таксама павага да людзей, з якімі яна жыве побач, дзеля каго працавала і каму дапамагае зараз. І добра, што над гэтымі каштоўнасцямі час не ўладны.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Да родных ніў, да роднай хаты. Вяртаемся да вытокаў

  1. Мои бабушка и дедушка соседи Ларисы Васильевны…. Вспоминаю, как Лариса Васильевна разрешала брать лимонад в магазине, а дедушка потом расплачивался)))… Недавно заезжал проведать дом, так, на удивление, дорога расчищена и можно проехать на легковой машине… Не везде в Минске можно так добраться…

    Рейтинг комментария:Vote +1+3Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.