Хай вядзе нас зорка Скарыны!

Общественность

У Празе 6 жніўня 1517 года выйшла ў свет Біблія на старажытнабеларускай мове “Псалтырь”, якую выдаў Францыск Скарына з Полацку. Менавіта гэта дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання. Заўтра ў старажытным Полацку адбудуцца святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства. У заключным выпуску сумеснага навукова-гістарычнага праекта Цэнтра гісторыі і культуры і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік” “Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання” мы яшчэ раз звернемся да 500-гадовага юбілею беларускага друкаванага слова і яго заснавальніка Францыска Скарыны

ФРАНЦЫСК
СКАРЫНА
Сусветную славу
яму здабылі
Кнігі, якія жывуць
у стагоддзях.
Першадрукар
беларускай зямлі
І слова народнага
першапраходзец.
Роднае слова
адчуў ён душой,
Яно асвяціла і думкі,
і сэрца.
Маладзіком
над зямлёй узышоў,
Якая спрадвек
Беларуссю завецца.
Схіляўся над кнігамі,
як чарадзей,
Іх выдаў у Вільні
і ў Празе нямала.
Кніжную мудрасць ён нёс
для людзей,
Каб мудрасці гэтай
святло не згасала.
Слава Францыска
не ведае меж,
Птушкай яна
абляцела краіны.
Новую кнігу ты
ў рукі бярэш –
І адгукаецца рэхам:
Скарына.

Юрась Свірка

Залатароў Віталь Уладзіміравіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама:
– Францыска Скарыну – найбольш вядомага дзеяча беларускай культуры ў поўнай меры можна назваць чалавекам свету. Яго дзейнасць не мела межаў: як у разнастайнасці творчых заняткаў і талентаў беларускага асветніка, так і паводле геаграфіі яго падарожжаў і сувязей з рознымі краінамі і прадстаўнікамі розных народаў. Фактычна ўвесь цывілізаваны свет таго часу быў добра знаёмы Францыску Скарыне, а ў многіх дзяржавах яго цудоўна ведалі. Кіраўнікі некалькіх вядомых еўрапейскіх краін называлі яго выбітным дзеячам, слаўным вучоным. Яго талент здзіўляў многіх у розных куточках Еўропы.
Такім чынам Беларусь была ўключана праз асобу Францыска Скарыны ў агульную еўрапейскую і сусветную культурную прастору. Пры гэтым уласна Беларусь у тыя часы не існавала. Лёс беларускага першадрукара быў знітаваны з многімі краінамі XVI стагоддзя, родным яму было Вялікае Княства Літоўскае. Гады яго вучобы звязаны з Польскім Каралеўствам і Венецыянскай Рэспублікай. У Чэшскім Каралеўстве ён ажыццяўляў сваю выдавецкую дзейнасць. Як вучоны і дыпламат, ён быў вядомы ў Прускім Герцагстве. Асобныя крыніцы сведчаць пра знаходжанне і працу Скарыны ў Дацкім Каралеўстве, Папскай вобласці, Вялікім Княстве Маскоўскім.
Свет з таго часу змяніўся вельмі моцна. Тым не менш засталіся і працягваюць развівацца сувязі паміж народамі, што жывуць на гэтых землях. Асоба Скарыны застаецца мастом, які злучае нашы народы і з’яўляецца сведчаннем даўнасці і эфектыўнасці стасункаў Беларусі з многімі краінамі свету. Грунтуючыся на дасягненнях мінулага, на агульнай спадчыне і агульнай памяці, сёння мы можам развіць партнёрскія сувязі з нашымі суседзямі і сябрамі за мяжой

Курсевіч Карына Анатольеўна, дырэктар ЦГіК Акцябрскага раёна:
– У гісторыі ўсходнеславянскіх культур (беларускай, рускай, украінскай) Францыск Скарына – з’ява ўнікальная. Выхаванец еўрапейскіх універсітэтаў, бліскучы знаўца ўсёй сумы тагачасных ведаў, які дасягнуў вышэйшых вучоных ступеняў, ён застаўся верны свайму народу, верны славянству. “Людям посполитым к доброму научению» імкнуўся перш за ўсё паслужыць вялікі беларус.
У адным са старадаўніх беларускіх дакументаў ёсць такія радкі: “Калі што ў парадку пісьмом заведзена будзе, дык ніколі не сплыве з людской памяці і не прыйдзе ў забыццё, але на вечныя часы ўтрымаецца непарушна”. Гэта стасуецца і да Францыска Скарыны.
Пра гістарычную асобу мы мяркуем па тых справах, якія яна здзейсніла, па той спадчыне, якую яна пакінула сваім нашчадкам. У гэтым сэнсе Францыск Скарына – найярчэйшы прыклад не толькі сярод славянскіх народаў, але і ўсёй Еўропы, усяго свету. Думаецца, важна не столькі тое, што Скарына першы на нашай Радзіме выкарыстаў друкарскі станок, колькі тое, з якой мэтай ён гэта зрабіў. Мэта, з якою ён узяўся за пераклад і выданне найбольш аўтарытэтных помнікаў сярэднявяковай кніжнасці для свайго народа, задачы, якія ён пры гэтым ставіў, – вось тое галоўнае, што вылучае Скарыну сярод культурных дзеячаў іншых народаў.
Францыск Скарына лічыў кнігу сродкам узвышэння чалавечай асобы, яе духоўнага ўзбагачэння, і з дапамогай прадмоў, тлумачэнняў тэксту старадаўніх помнікаў імкнуўся зрабіць свае выданні менавіта такімі. «Всякому человеку потрэбна чести, понеже есть зерцало жития нашего, лекарство душевное», — пісаў ён. Да нас дайшло вельмі мала арыгінальных дакументаў, у якіх раскрываў жыццёвы шлях і погляды Францыск Скарына. Дакладна невядомыя нават даты яго нараджэння і смерці. Засталіся толькі кнігі – перакладзеныя і перапісаныя ім, а потым надрукаваныя. Кожны экзэмпляр гэтых кніг па-свойму ўнікальны – ён пражыў доўгае жыццё, роўнае амаль пяці стагоддзям. Усе яны памятаюць Францыска Скарыну і тыя сотні і тысячы людзей – беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, чэхаў, немцаў, якія чыталі і вывучалі кнігі першадрукара і нават перапісвалі іх для сябе. Аб гэтым вялася размова ў сумесным праекце Цэнтра гісторыі і культуры і рэдакцыі раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік”, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У ім прынялі ўдзел тыя, каго цікавіць лёс Францыска Скарыны, яго талент як шматграннага навукоўца, адукаванага чалавека свайго часу.

Старыновіч Алена Якаўлеўна,галоўны рэдактар газеты “Чырвоны Кастрычнік”:
– Зоркай першай велічыні на небасхіле эпохі Адраджэння з’ўляецца велічная постаць заснавальніка беларускага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца. Толькі ён мог зрабіць гонар любой дзяржавы.
Францыск Скарына не толькі гуманіст, але сын і нашчадак вялікай славянскай культуры, прадаўжальнік справы першаасветнікаў Кірыла і Мяфодзія, стойкі прыхільнік раўнапраўя, дасягненняў рознага пісьменства ў шэрагу іншых абсалютных сусветных каштоўнасцей. Скарынаўская эпоха была назвычай небяспечнай у развіцці ўсёй беларускай культуры. Галоўная яе асаблівасць і прыкмета – з’яўленне кнігадрукавання, уласнай друкаванай літаратуры, якой і цяпер кожны беларус можа па праву ганарыцца. Газета “Чырвоны Кастрычнік” не пакіне з заканчэннем праекта звяртацца да спадчыны, якая засталася нам ад знакамітага першадрукара. Яго кнігі, якія праславілі нашу беларускую зямлю, будуць жыць праз стагоддзі.

Шэйка Любоў Сяргееўна, навуковы супрацоўнік Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна, вядучая праекта “Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання”:
– Напрыканцы праекта хочацца зрабіць вынік: галоўны скарб нашай краіны – яе людзі. Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае імя беларусаў. Нельга сёння не ўспомніць нашых продкаў, якія ўслаўлялі родную краіну. Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. Наш народ будзе заўсёды памятаць імёны асветніцы Еўфрасінні Полацкай, першадрукара Францыска Скарыны і славутага паэта Сімяона Полацкага. Дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мае сусветную значнасць і занесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. 14-15 верасня 2017 года пад эгідай гэтай арганізацыі пройдзе Міжнародны кангрэс “500 год беларускага кнігадрукавання”. У гонар Скарыны названы вышэйшыя ўзнагароды Беларусі: ордэн і медаль Францыска Скарыны. У рамках юбілейных мерапрыемстваў з выпадку 500-годдзя гісторыі беларускага кнігадрукавання РУП “Беларускае тэлеграфнае агентства” падрыхтавала тэматычны анімацыйны медыяпраект-відэаролік – “500 год гісторыі беларускага кнігадрукавання”, які апавядае аб з’яўленні першых кніг, дзейнасці Ф. Скарыны і другіх першадрукароў, а таксама знаёміць з развіццём кнігадрукавання ў сучаснай Беларусі.
У сваю чаргу музейныя работнікі, гісторыкі, філолагі, бібліятэкары і іншыя павінны звяртацца да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, падкрэсліваць ролю і значэнне Францыска Скарыны ў развіцці беларускага кнігадрукавання, цесную ўзаемасувязь і арганічнае адзінства славянскіх культурных традыцый, што будзе садзейнічаць фарміраванню ў падрастаючага пакалення любві і павагі да гісторыі і культуры беларускага народа, патрыятызма і цікавасці да чытання. Таму я лічу, што праект “Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання” паглыбіць веды нашых чытачоў па дадзенай тэме. Неабходна ўсю спадчыну Скарыны і яго пераемнікаў, якія стварылі ў XVI стагоддзі багатую аснову для прадаўжэння беларускага кнігадрукавання, зрабіць агульначалавечым багаццем. Гэтага патрабуе ад нас абавязак перад айчыннай культурай, гісторыяй народа, Радзімы. Неабходна паказаць усяму свету тыя значныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, якія стварыў беларускі народ. Хачу падзякаваць усім, хто прыняў удзел у праекце, практычна на навуковай аснове рыхтаваў свае артыкулы, каб пазнаёміць усіх чытачоў газеты з нашым знакамітым першадрукаром – з чалавекам, у якім спалучыліся найлепшыя рысы грамадзяніна, патрыёта, сына свайго часу і свайго народа.

Мартыненка Алена Іванаўна, дырэктар ДУК «Акцябрская раённая бібліятэка»
– Гэта даніна глубокай павагі беларускаму першадрукару, асветніку, тытану эпохі Адраджэння. Бессмяротны вобраз Францыска Скарыны даўно натхняў паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і скульптараў. Без сумнення, зараз назіраецца новая хваля цікавасці да спадчыны нашага славутага земляка. У яго вобразе знаходзяцца жыватворныя крыніцы натхнення кагорты літаратараў, гісторыкаў, кампазітараў, беларусаў, якія шануюць сваю спадчыну.
Хачу адзначыць, што бібліятэкары ведаюць, што з часу Францыска Скарыны самыя прагрэсіўныя сілы эпохі праклалі дарогу друкаванай кнізе. Яны бачылі ў ёй увасабленне духоўных магчымасцей чалавека, яго імкненне да асветы, да інтэлектуальнага і маральнага задавальнення.
Сёння кніга, як і заўсёды, застаецца з іншымі друкаванымі выданнямі і сродкамі масавай прапаганды і інфармацыі, праўдзіва асвятляе рэчаіснасць з яе складанасцямі і супярэчнасцямі. Да кнігі, як да крыніцы святла, цягнецца стары і малады. Чалавек, дзякуючы кнізе, у некалькі гадоў праходзіць шлях, на які чалавецтву спатрэбіліся тысячагоддзі.
Усяго 400 экзэмпляраў кніг Скарыны захаваліся да сённяшняга дня. Большасць іх – у нашай краіне, але нямала і за мяжой – у краінах Усходняй і Заходняй Еўропы. Гэтыя кнігі – жывая памяць беларускага народа, яго слава і гонар. Невыпадкова Францыск Скарына побач з Міхаілам Ламаносавым, Аляксандрам Пушкіным і Тарасам Шаўчэнкам уключаны ў серыю “Вялікія дзеячы Славянскай культуры”, якая друкуецца на еўрапейскіх мовах пад эгідай ЮНЕСКА.
У раённай бібліятэцы праходзіла шмат мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю кнігадрукавання, Францыску Скарыну, у якіх прынялі ўдзел тыя, хто зацікаўлены ў гісторыі роднага края, асабліва ў нараджэнні роднага слова.
Вялікую справу ў гэтым адыграў праект пад назвай “Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання”, які пазнаёміў жыхароў раёна з дзейнасцю славутага земляка Францыска Скарыны.

Рагачова Надзея Ізосімаўна, настаўніца гісторыі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. п. Акцябрскі”:
– Францыск Скарына належыць да ліку выдатных дзеячаў культуры эпохі Адра-джэння. Яго імя стаіць у адным радзе з імёнамі тых, хто ўвасабляе гордасць і славу беларускага народа. Энцыклапедычныя веды, глыбокая адукаванасць і выдатныя здольнасці Скарыны захаплялі яго сучаснікаў. Яго жыццё-подзвіг, яго шматгранная дзейнасць, якая працякала на тэрыторыі многіх краін у самым разнастайным асяроддзі, пераканаўча паказваюць, наколькі чужая была яму рэлігійная, нацыянальная, дзяржаўна-палітычная, саслоўная і прафесійная абмежаванасць. У ім шчасліва спалучыліся вучоны муж і грамадзянін-патрыёт, сын свайго часу і свайго народа. Усе гэтыя рысы і якасці, уласцівыя Скарыне як асобе, збліжаюць яго з лепшымі прадстаўнікамі еўрапейскага гуманізма першай паловы 16 ст. і даюць падставу бачыць у беларускім першадрукару тыповага чалавека эпохі ранняга Адраджэння. Усім гісторыкам патрэбна зрабіць усё, каб вучні ведалі, што Скарына наш суайчыннік і ён зрабіў вялікую справу: стварыў новы свет беларусаў і адкрыў Беларусь усёй планеце праз друкаванае слова.

Шэйка Данііл, вучань ДУА “Акцябрская раённая гімназія”:
– Скарына – вялікі патрыёт, верны і адданы сын свайго народа. Нягледзячы на тое, што асоба Скарыны фарміравалася ва ўмовах заходнееўрапейскай культуры, ён не “латынізаваўся”, як гэта нярэдка здаралася з яго суайчыннікамі, не парваў сувязей з Радзімай, не страціў сваю нацыянальную своеасаблівасць, а ўсе сілы і веды, усю энергію аддаў служэнню “людзям паспалітым”, свайму народу. Таму не дзіўна, што патрыятызм ён узняў на ўзровень вышэйшых грамадзянска-этычных дабрачыннасцей.
Праблема светапогляду Скарыны і накіраванасці яго дзейнасці – гэта па сутнасці частка глабальнай праблемы станаўлення і развіцця беларускага народа як свядомага суб’екта гісторыі, фарміравання яго культуры, класавай і нацыянальнай самасвядомасці; гэта праблема шматвяковай барацьбы беларускага народа за сваё сацыяльнае вызваленне, нацыянальнае існаванне і дзяржаўную самастойнасць”.
Нам, моладзі, асабліва хто цікавіцца гісторыяй роднай Беларусі, яе знакамітымі асобамі, яшчэ доўга прыйдзецца займацца вывучэннем таго, што здзейсніў і пакінуў нам у спадчыну свае працы наш слаўны беларус Францыск Скарына. Першы такі зрух зрабіў сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры і раённай газеты, прысвечаны 500-годдзю першавыдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны. Яго матэрыялы адыграюць добрую справу ў вучобе вучняў, затым і студэнтаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.