“І сёння з намі Колас і Купала”

Культура

2017 год у Беларусі праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа.“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт і перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальнасць.

Юбілей слаўных песняроў шырока адзначаецца ва ўсёй краіне, у тым ліку і ў нашым раёне. Цыкл мерапрыемстваў “У вянок беларускім песнярам” праводзіцца на працягу года ў бібліятэчных і клубных установах.
У бібліятэках разгорнутыі дзейнічаюць выставы-ўшанаванні “Твае песняры, Беларусь!”, на якіх прадстаўлены для шырокага кола карыстальнікаў кнігі з фондаў бібліятэк пра жыццё і творчасць пісьменнікаў, іх творы, артыкулы з перыядычных выданняў, гукавыя электронныя выданні. Бібліяграфічныя агляды літаратуры, літаратурныя вечары, кампазіцыі, віктарыны, медыягадзіны, конкурсы мастацкага чытання, гасцёўні, вандроўкі, паэтычныя калейдаскопы – у розных формах бібліятэкары прапагандуюць сярод падрастаючага пакалення творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Асабліва літаратурна-паэтычнымі мерапрыемствамі насычаны быў ліпень, калі нарадзіўся Я. Купала. Акрамя пералічаных вышэй форм работы, раённым цэнтрам вольнага часу традыцыйна на ўзбярэжжы гарадскога возера было арганізавана тэатральна-фальклорнае відовішча “Купалле” з сапраўднымі купальскімі карагодамі, вогнішчам, варожбамі, гульнямі і песнямі. Такое ж мерапрыемства масава і святочна прайшло на адкрытых пляцоўках у цэнтры аграгарадка Красная Слабда.
Цыкл тэматычных праграм “Пра Бацькаўшчыну песню прапяю” ў гонар беларускіх паэтаў ладзіўся і клубнымі ўстановамі. Арганізатары канцэртаў уключалі ў рэпертуар сваіх выступленняў песні на словы Я. Купалы і Я. Коласа, удзельнікі чыталі вершы паэтаў.
Акцэнтавалася ўвага на творчасць беларускіх паэтаў-юбіляраў і пры правядзенні раённых мерапрыемстваў у рамках Дня моладзі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 510-годдзя святкавання першага ўпамінання Рудабелкі — Дня горада. Раённая бібліятэка прадстаўляла ў гэты дзень бібліятэчны бульвар “Читающий город”, адной з экспазіцый якога была аформлена кніжна-прадметная выстаўка “Верныя сыны Бацькаўшчыны”, прысвечаная беларускім класікам.
8 верасня да знакавых юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа і ў рамках 500-годдзя беларускага кнігадрукавання было арганізавана раённае свята “І сёння з намі Колас і Купала”. У гэты дзень у бібліятэчных і клубных установах раёна прайшлі літаратурнарна-паэтычныя кампазіцыі “Мелодыі мовы славянскай я чую”, карцінная галерэя імя Л. М. Дробава арганізавала конкурс дзіцячага малюнка “Вобразы мілыя роднага краю”, у Цэнтры гісторыі і культуры адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя “Звіні, мая родная мова!”, грамадска-культурны цэнтр паказаў для наведвальнікаў відэапрэзентацыю “Беларускай песні ўладары”.
І як вынік усёй творчай дзейнасці ўстаноў культуры па папулярызацыі творчасці пісьменнікаў-класікаў стала правядзенне ў цэнтры вольнага часу канцэрта-паэмы “Роднай зямлі галасы”, арганізаванага раённай бібліятэкай. Мэта мерапрыемства — ушанаванне вялікіх нацыянальных паэтаў, выхаванне павагі да іх літаратурнай спадчыны, роднай мовы і культуры, гонару за геніяльных творцаў беларускага народа. У праграме канцэрта – мастацкае чытанне вершаў і ўрыўкаў з вядомых твораў класікаў , пастановачныя, музычныя і танцавальныя нумары. Удзельнікі – самадзейныя артысты, удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў устаноў культуры, творчыя калектывы.
Выканаўцы змаглі надзвычай дакладна і вобразна перадаць настрой купала-коласаўскіх твораў. З асаблівай цеплынёй успрымалі гледачы рамантычна-ўзнёслы аповед пра трагічны лёс закаханых з песні-казкі Я. Купалы “Гэй, далёка, за морам сінім” у выкананні Ганны Роліч. З мяккім лірызмам і цеплынёй успрымалася песня “Купалінка” ў выкананні Анастасіі Кастэнка. Крануты гледачы пранікнёным чытаннем урыўкаў з паэм Я. Купалы “Бандароўна” Валерыяй Лебедзь і “Курган” Ганнай Жандаравай. Уразіла гледачоў юная ўдзельніца канцэрта Дзіяна Кур’ян сцэнічным майстэрствам чытання жартоўнага верша Я. Коласа “Ехаў Бай па сцяне”. Непрыхаваным артыстызмам парадавалі гледачоў Захар Повар (верш Я. Купалы “На ніве”) і Ксенія Пугач (Верш Я. Купалы “Жняя”). Вобразна і эмацыянальна прадэманстраваны пастановачныя нумары на творы Я. Купалы “Маці і сын” (Валянціна Бугаенка і Мікіта Ходзін) і “Раскіданае гняздо”(а/а “Вясёлка Лаўстыцкая сельская бібліятэка). Кранула пранікнёнае чытанне верша Я. Купалы “Мая малітва” ў выкананні Вольгі Навумавай. Доўгімі апладысментамі адарылі гледачы самую старэйшую ўдзельніцу канцэрта – Марыю Якаўлеўну Назаранка за артыстычнае чытанне верша Я. Коласа “У школку”. Па-свойму эмацыянальна пададзена чытанне ўрыўка з паэмы “Новая зямля” “Дзядзька-кухар”аматарам творчасці паэта Аляксандрам Галабурдам. З задавальненнем слухалі гледачы чытанне вершаў у выкананні Кацярыны Швед, Надзеі Каваленка, Наталлі Саловіч. У канцэрце прагучалі аўтарскія творы, напісаныя да юбілею класікаў, — верш “Нашы песняры” былой вучаніцай СШ №1 Вольгай Драпеза і верш “Песнярам”, аўтар і выканаўца якога Алена Ліхашапка. Музычна-песенны і танцавальны каларыт стварылі народны ансамбль танца “Весніца”, Дзмітрый Бяжкоў з песняй “Спадчына”, ансамбль музычных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў “Элегія”. Асаблівую арыгінальнасць у канцэртную праграму ўнеслі непраўзыдзеныя вядучыя Анастасія Мартыненка і Данііл Шэйка.
У фае ўстановы дзейнічала прадметна-кніжная выстава-панарама “Вобразы мілыя роднага краю”, арганізаваная Домам рамёстваў і раённай бібліятэкай.
Аздобленая сакавітай зеленню, жытнёвымі каласамі, народна-побытавымі рэчамі, музычнымі інструментамі, выстава выглядала надзвычай самабытна. Дапоўненая жывымі героямі купала-коласаўскіх твораў — Купалінкай, Бандароўнай, Сымонам-музыкай, Гусляром, кампазіцыя была напоўнена своеасаблівым вобразна-сімвалічным зместам.
Мерапрыемства прайшло на высокім мастацкім узроўні, стварыўшы для гледачоў добры настрой і падараваўшы масу прыемных уражанняў.
Арганізатары свята выказваюць шчырую падзяку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэту Святлане Анатольеўне Беразоўскай, усім удзельнікам за цудоўнае выканаўчае майстэрства, а іх кіраўнікам за вялікую падрыхтоўчую работу.
Мерапрыемствы, якія адбыліся з нагоды юбілею беларускіх класікаў, паказалі ўсю глыбіню і самабытнасць беларускай культуры, мовы, адлюстравалі хараство беларускага друкаванага слова, выказалі даніну павагі геніяльным творцам слова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.