Пасадзіла Еўдакія гарбузы…

Общественность

І хоць пра канчатковы ўраджай гэтай папулярнай у беларусаў культуры меркаваць яшчэ ранавата, жыхарка вёскі Карма Еўдакія Яфрэмаўна Тукач упэўнена: апетытнай кашы і смачных семачак на зіму яе сям’і і гасцям хопіць удосталь.

Не да спадобы прыйшлося сёлетняе надвор’е з халоднай вясной і прыпазніўшымся летам гаспадарам прыватных падворкаў: рост і выспяванне амаль усёй гародніны адцягнулася дзесьці на два тыдні ўперад. Ды і ўраджай, відаць па ўсяму, у многіх прыватнікаў чакаецца горшым, чым летась. У многіх, толькі не ў бабулі з невялічкай і аддаленай вёскі Карма. Еўдакія Яфрэмаўна Тукач, якой ужо пад 80 (дакладней, 78), усё жыццё адпрацавала на зямлі, як у родным калгасе “1-е Мая”, які больш за 10 гадоў ужо не існуе, далучыўшыся да суседняй гаспадаркі – ААТ “Бумажкова-агра”, так і на ўласных сотках. Нягледзячы на тое, што апошнім часам усё больш падводзіць здароўе – моцна пагоршыўся слых, баляць ногі і спіна – без справы бабуля ніколі не сядзіць. Вось і сёлета своечасова пасадзіла і дагледзела свае грады, падзеленыя паміж сабою радкамі высокага бобу, на якіх знайшлося месца і бульбе, і капусце, і агуркам з памідорамі. Але найбольшую плошчу на сотках за хатай займаюць гарбузы. Размешчаныя на ўзгорку, яны найбольш асвечаны сонцам, якое сёлета падчас квіцення гароднінных культур сваёй цеплынёй расліны не песціла. І выйграў, напэўна, гаспадар, які пасадзіў тыя ж гарбузы на высокім асвечаным месцы. А калі бабулька яшчэ ў пару акучвала і палівала гарбузікі, то яны і паказалі надзвычай добрыя віды на будучы ўраджай яшчэ на пачатку жніўня.
Асобныя ружова-жаўтаватыя “таўстуны” з агародчыка Еўдакіі Яфрэмаўны выглядаюць ужо на добры дзясятак кілаграмаў. Як сведчыць сама гаспадыня і яе, на жаль, ужо нешматлікія суседзі, такіх ладных на сённяшні дзень гарбузоў, няма ні ў адным кармянскім двары. Ды што ў гэтай вёсцы, напэўна, і ва ўсёй блізляжачай акрузе! Будзе і каша, і, безумоўна, семачкі – гэтым падсмажаным у печы ласункам не грэбуюць ні вяскоўцы, ні гараджане, ні старыя, ні малыя. Адразу бачна, што сама прырода аддзячвае шчырай гаспадыні за яе нястомную працу, любоў да роднай зямлі, роднага краю.
Юрый КАСПЯРОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.