Сёння спаўняецца 125 гадоў Максіму Багдановічу

Общественность

39

Сёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча.

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі i звадкі, боль i горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»

Пагоня

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца конi, —
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?

Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць…

Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усьцiшыцца гэтакi боль…
Ты прабач, ты прыймi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!

Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.