Дбайная гаспадыня і актыўная чытачка

Общество

rozaУ такіх руплівіц, як Роза Міхееўна Толсцік з Курына, праца заўсёды на першым месцы. Вядома ж, пражыўшы ўвесь час у вёсцы, дзе там не будзеш ведаць, як апрацоўваць зямлю ці даіць кароў, насіць з калодзежа ваду ці дровы з дрывотні, каб выпаліць у печы і наварыць у чыгунках ежы. І нават ездзіць на трактары, бо, меўшы вялікую хатнюю гаспадарку, без асабістай сельгастэхнікі спраўляцца з ёй даволі цяжка. А Роза Міхееўна больш трыццаці гадоў упэўнена кіруе ўласным трактарам. Можа нават зрабіць яго дробны рамонт. Чаму не здзіўляцца такім, не зусім жаночым здольнасцям, бо не кожная адважыцца сесці за руль, каб вазіць сена, буракі, бульбу ці дровы. А Роза Міхееўна любую мужчынскую справу выконвае з лёгкасцю. Няма сэнсу больш дакладна пісаць пра здольнасці гэтай сялянкі, бо той, хто з ёй знаёмы, ведае, наколькі працавіты яна чалавек. У свае восемдзесят, яна, як той метэор, і не думае пра тое, каб сядзець у хаце без занятку. Розных спраў заўсёды хапае. Але Роза Міхееўна жартуе і кажа, што задаволена такім жыццём, хаця зайздросціць няма чаму. З-за працы не заўважае, дарэчы, як мінаюць дні, месяцы, годы.
6 лістапада дбайная гаспадыня будзе святкаваць юбілейную дату – 80 гадоў з дня нараджэння. Тое, што сваё асабістае свята Роза Міхееўна адзначае напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, выпадковасцю не назавеш, бо сама яна лічыць, надзелена ад прыроды менавіта лідарскімі якасцямі. У сваёй сям,і, як той правадыр, заўсёды з’яўляецца галоўным арганізатарам і кіраўніком хатніх спраў. Жанчына патрабавальная, далікатная, таварыская, з шырокімі поглядамі на жыццё, і разам з тым – безжурботная, поўная энтузіязму і працаздольнасці. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, лічыць, што кругагляд чалавека павінен пашырацца заўсёды. Для яе, звычайнай вяскоўкі, без інтернэту і сучасных сродкаў сувязі галоўная крыніца інфармацыі – раённая газета. Мясцовае выданне – гэта ўсё яе жыццё і той сродак, адкуль жанчына даведваецца пра самыя апошнія навіны Акцябршчыны і краіны, пра дасягненні людзей працы, знаёмых і суседзяў, таленавітай моладзі і іншым. Сваім асабістым прыкладам яна даказвае, што ўзрост зусім не перашкода. Не падводзіў бы толькі зрок. А так, чытай сабе і атрымлівай задавальненне. Жанчына паведаміла і пра тое, што колькі сябе памятае, сябруе з «раёнкай», якая і ў час нашага наведвання, як падцверджанне адданасці «Чырвонаму Кастрычніку», ляжала на стале. Некалькі разоў, як пазаштатны аўтар, Роза Міхееўна і сама друкавалася ў раённым выданні. Не раз пісалася ў мясцовай газеце і аб самой Розе Толсцік, аб яе працавітасці, захапленнях і адносінах да жыцця. А калі ў свой час яна працавала паштальёнам, дык з адказнасцю і вялікім жаданнем апускала любімую газету ў паштовую скрыню курынскіх падпісчыкаў. Вось і да гэтага часу бабуля Роза, хаця гэтае слова ёй зусім не падыходзіць, застаецца верным сябрам «раёнкі». Па суботах па-ранейшаму чытачка з нецярплівасцю чакае свежы нумар, каб даведацца пра апошнія навіны. І абавязкова знойдзе для сябе карысную інфармацыю. Для яе, як для актыўнага, адданага падпісчыка, нічога не параўнаецца з тым трапятаннем, якое яна адчувае, калі разгортваеш старонкі, прасякнутыя свежым пахам друкарскай фарбы, калі бачыць знаёмыя асобы, чытае пра навіны і падзеі.
З нагоды юбілейнай даты да віншаванняў родных і блізкіх Розы Міхееўны з задавальненнем далучаецца і калектыў рэдакцыі газеты «Чырвоны Кастрычнік». Ад шчырага сэрца віншуем вас, паважаная Роза Міхееўна, са святам, жадаем шчасця, моцнага здароўя, заставацца такой жа бадзёрай і прывабнай, а таксама і надалей захаваць цесныя, нязменныя адносіны з раённым выданнем.
Наталля Ёвенка. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.