Чытальнік, якога нельга слухаць раўнадушна

Знай наших!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. І. Чарнікевіч  і адзінаццацікласнік Алег Таланкоў.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. І. Чарнікевіч і адзінаццацікласнік Алег Таланкоў.

У абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна ў г. Гомелі 2 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё X Mіжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», якое праводзілася ў рамках Дня беларускага пісьменства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш 70 літаратараў рэгіёна і краін СНД.
Адбыліся прэзентацыі кніг, выдадзеных на працягу года гомельскімі літаратарамі, і сумесных праектаў з арганізацыямі-партнёрамі Расіі і Украіны. Новым членам СПБ былі ўручаны членскія білеты, і ўзнагароджаны пераможцы творчага конкурсу «Праваслаўе – мая надзея». Адначасова на свяце прайшоў фінал 4-га этапа абласнога конкурсу чытальнікаў «Захаваем свет разам!», прысвечанага 95-годдзю народнага пісьменніка Беларусі А. Я. Макаёнка. Удзельнічала ў ім шэсць вучняў школ вобласці, ў іх ліку і адзінаццацікласнік сярэдняй школы №1 г. п. Акцябрскі Алег Таланкоў. «Выразна і пранікнёна прачытаў Алег верш Анатоля Грачанікава «Крывавая балада»,– дзеліцца сваімі ўражаннямі яго настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Чарнікевіч. – Ён змог так перадаць усю боль і трагічнасць сітуацыі верша, што на вочы наварочваліся слёзы не толькі ў мяне. Увогуле, Алег валодае выдатнымі чытальніцкімі здольнасцямі. Ён глыбока адчувае твор і можа эмацыянальна перадаць яго глыбінны змест». І, вядома ж, хочацца дадаць, усё гэта пад кіраўніцтвам вопытнага і нераўнадушнага настаўніка, якім і з,яўляецца Наталля Іванаўна.
«Упарты, валодае вялікай сілай волі, паважліва адносіцца да старэйшых, любіць паэзію, захапляецца грэка-рымскай барацьбой,» – так характарызуюць Алега Таланкова настаўнікі.
Акрамя Дыплома лаўрэата абласнога конкурса чытальнікаў «Захаваем свет разам» Алег прывёз яшчэ некалькі кніг. Іх яму падарылі знакамітыя паэты і пісьменнікі, пакінуўшы там свае аўтографы і найлепшыя пажаданні юнаму таленту. Падарылі, таму што нельга застацца абыякавым, калі вершы чытае Алег Таланкоў.
Вольга Якаўлева.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.