ГадунІ. Любанскі сельскі Савет

Общество

IMG_3195 IMG_3205 IMG_3200 IMG_3197Аддаленая ад райцэнтра вёска Гадуні амаль што аджывае свой век, але ад цывілізацыі не адрэзана. Тры разы на тыдзень ваколіцу абуджае сігнал аўталаўкі. Прыносіць газеты ды пенсію паштальён, наведваецца і фельчар з аграгарадка Любань. Сустрэўшы дзвюх бабуль у квяцістых хустках на адзічэлай вуліцы ў пачатку сяла, стала неяк сумна. Сумна ад таго, што калісьці, як і ў любой вёсцы, у гэтым грыбным ды ягадным краі віравала жыццё, працавалі калгаснікі, утвараліся сем’і, будаваліся хаты, хадзілі ў школу дзеці, ладзіліся гулянкі. А зараз вясковая глухамань ды пустыя хаты. Але аднавясковак з аднолькавым прозвішчам Марыю Паўлаўну Вежнавец і Валянціну Емельянаўну Вежнавец (на здымку злева направа) ужо ціхае зараз сялянскае жыццё зусім не палохае, за выключэннем таго, што са шкадаваннем успамінаюць бабулькі аб мінулым родных мясцін, аб аднавяскоўцах, з якімі разам адпачывалі на лаўцы каля хат пасля цяжкай працы. Адны ўспаміны, дый годзе. Адгаравалі свой век, а зараз бы тыя восеньскія кветкі абапіраюцца на кійкі і не скардзяцца на сваю цяжкую долю. Вось і на гэты раз, заўважыўшы на вуліцы незнаёмага чалавека, павыходзілі з хат, каб пачуць навіны з райцэнтра ды пагаманіць пра сваё жыццё-быццё…

Такая наша доля
Аповед Валянціны Вежнавец:
– Па роднай хаце сумуем заўсёды. Асабліва – з надыходам халадоў. Як тыя пералётныя птушкі, падаёмся ўвосень да дзяцей у горад. А з пацяпленнем зноў дадому спяшаемся. Дзякуй дзецям ды ўнукам, што не пакідаюць нас, старых. Вось і сядзіш у шматпавярхоўцы ды пазіраеш з вакна ўніз на людзей ды гарадскую цывілізацыю. Нам, простым гаротным сялянам, усё гэта надакучае, таму шукаем сабе занятак, каб не сядзець без справы: шкарпэткі ды тапачкі шарсцяныя вяжам. Разумеем, што ў сталым узросце ды са сваім здароўем ўзімку адным не пражыць у вёсцы. І хату трэба абагрэць, і вады з дрывамі з вуліцы прынесці, і па гаспадарцы ўправіцца. А ці мы сталыя ды слабыя, справімся з усім гэтым як трэба? Раней дык і не думалі пра тое, што будзем такімі кволымі ды бездапаможнымі. Ну, нічога. Добра, што на сваіх нагах ходзім. Тупаем памалечку, грады садзім, каб для дзяцей была свая гародніна, ходзім адна да аднае, каб было з кім паразмаўляць. Так неўзабаве зноў зімоўка прыспешвае да дзяцей.
Хата бабы Валі зусім не была падобна на адзінокую: пафарбаваная з усіх бакоў, яна моцна стаяла на зямлі. Упрыгожваў падворак і роўны плот з каляровых дошчачак, прыбітых адна да адной.
– Дык у вас добры падворак, – працягваю размову, вырашыў падбадзёрыць гаспадыню.
– Хіба то я пафарбавала хату. Дзеці даглядаюць. У-у-у, колькі ёй ужо гадоў?! Толькі што прыгожая з вуліцы. Пасля вайны пабудавалі. Перасыпалі колькі разоў. Але добра, што цёплая, – патлумачыла бабуля.
Каля ганка пачулася звучнае грукатанне.
“О! паляўнік мой вярнуўся дадому”,– дадала жанчына, памедаміўшы пра ката – адзінага яе дамачадца ў летні перыяд.
Праз невялікі плот было бачна, як стары кот узлез высока на дрэва і імкнецца пераскочыць на жорсткі дах ганка, слізгаціць па ім кіпцюрамі, зрываецца на зямлю, але не губляецца і зноў штурмуе вышыню.
Заводзім размову на тэму дабрабыту. Валянціна Емельянаўна прызнаецца, што атрымлівае дастатковую сумленна заробленую пенсію.
– Нічога не скажу – хапае. Яшчэ дзецям і ўнукам дапамагаю. Ім болей трэба. А мяне яны і так дагледзяць, – з упэўненасцю адказала бабуля, махнуўшы рукой. – Адным словам, няма чаго на жыццё скардзіцца, хаця было яно не такім, як зараз. На сваім вяку пабачылі ўсяго. І вайну перажылі, і голад. А зараз, каб ведалі былыя людзі сённяшні свет, дык жахнуліся б: усюды цывілізацыя, камп,ютэры, мабільныя тэлефоны. Вось і вы трымаеце ў руках сучасную тэхніку.
Заўважылі бабулькі ў маіх руках дыктафон ды фотапарат. Не магла не адрэгаваць на іх цікавасць і прапанавала ім сфатаграфавацца на памяць.
– Зараз і фотаздымак будзе, – заінтрыгавала вясковак.
– Няўжо? Во што робіцца! – здзівіліся суседкі.
Але ўсё ж-такі на нечаканую прапанову пераглянуліся адна з адной, як бы саромеючыся, але з лагоднай усмешкай згадзіліся.
– Ой, мы ж нядобра апранутыя. Хоць бы хусткі паправіць. Але ж давайце!
Абдымаючы адна адну, пільна ўглядался ў аб’ектыў фотакамеры, як тыя малыя, чакаючы неверагоднага цуда.

Згадала перажытае

Аповед Марыі Вежнавец:
– Калі прыязджаем улетку дадому, то як зноў на свет нара-джаемся. Вядома, свая родная хата чакае, хоць зараз і сумна ў вёсцы. Усё праз сэрца прапускаем. Самі паглядзіце. Нікога навокал няма. Лічаныя мясцовыя жыхары засталіся. Мы амаль што апошнія. Жах, вуліцы пустыя (маша рукой то ў адзін бок, то ў другі). А раней жа ўсюды стаялі хаты, у кожнай гадаваліся дзеці.
– Во, бачце, гэта ж усё людскія селішчы. А колькі ці разваліліся без догляду, ці гаспадары самі паразбіралі – ківае галавой у бок пустых хат. – У мінулым стагоддзі ў нас і магазін працаваў, і школа была. Добра, што зараз цялят у нас даглядаюць з сельгаспрадпрыемства, дык трактары ездзяць туды-сюды па вёсцы. А то, хто на лета ў бацькоўскія хаты прыязджае ў адпачынак. Так нейкія людзі трохі і пракідваюцца. Ад усяго гэтага толькі душа баліць, ды ўспаміны засталіся.
Адшчыравалі даўно ў мясцовым калгасе гэтыя жанчыны. Вялікую мелі і ўласную гаспадарку. Рабілі ад цёмнага да цёмнага. Не было той работы, якую не ведалі.
– А колькі зараз болю і крыўды засталося ў сэрцы. Бо мы, як тыя вартаўнікі, засталіся апошнімі сярод сваіх аднавяскоўцаў, – з сумам гаварылі жанчыны.
Балюча было ад таго, што вёска асірацела. А колькі такіх куточкаў можна знайсці ў кожнай глыбінцы? Але заспакойвала тое, што мясцовыя жыхары па-ранейшаму застаюцца добразычлівымі і спагадлівымі людзьмі. Іх няпростае жыццё, адарванасць ад вялікага міру і блізкасць да вясковай прыроды зрабілі іх такімі адкрытымі і шчырымі.
Наталля Евенка. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *