Лукашэнка даў інтэрв’ю медыяхолдынгу «Блумберг»

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка даў разгорнутае эксклюзіўнае інтэрв’ю медыяхолдынгу «Блумберг».

У якасці інтэрв’юера кіраўніка дзяржавы выступіў вядучы карэспандэнт «Блумберг ТБ» з Лондана Раян Філіп Чылкат. Ён ужо браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе ў якасці карэспандэнта тэлеканала CNN.

Прэзідэнт адказаў на комплекс пытанняў, звязаных з працэсам урэгулявання сітуацыі ва Украіне пасля дасягнення мінскіх пагадненняў у «нармандскім фармаце». Аляксандр Лукашэнка спыніўся на ролі вядучых сусветных ігракоў ва ўрэгуляванні ўкраінскай сітуацыі і падтрыманні ваенна-палітычнай стабільнасці ў свеце ў цэлым.

У час інтэрв’ю таксама закраналіся тэмы перспектыў развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, валютнай інтэграцыі сярод яго членаў.

Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё бачанне некаторых аспектаў бягучай эканамічнай, унутрыпалітычнай сітуацыі, у тым ліку ў кантэксце маючых адбыцца важных палітычных падзей у жыцці краіны.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на некалькі пытанняў асабістага характару.

Медыяхолдынг заснаваны ў 1981 годзе ў ЗША Майклам Блумбергам. Медыйныя сэрвісы «Блумберг» уключаюць у сябе інфармагенцтва «Блумберг Навіны», «Блумберг ТБ» (трансліруецца ў 200 краінах свету), «Блумберг Радыё» (вядзе спадарожнікавае вяшчанне па ўсім свеце, а таксама эфірнае вяшчанне ў Нью-Ёрку), інтэрнэт-сайты. Акрамя таго, медыяхолдынг выдае часопісы «Блумберг Рынкі», «Блумберг Businessweek», кнігі «Блумберг Прэс» для супрацоўнікаў інвестыцыйных кампаній.

Лукашэнка: у Беларусі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце яшчэ больш цэняць стабільнасць

«Беларусы даўно разумеюць, што дзяржава павінна быць стабільнай і што галоўны прыярытэт, галоўнае — гэта мір. Усё астатняе мы купім. Няхай мы будзем крыху бяднейшыя за іншых. У нас няма столькі рэсурсаў, каб быць такімі багатымі. Але мы будзем жыць у мірнай краіне, дзе не будуць паміраць ад асколкаў і куль нашы дзеці і старыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы павінны, і я ў тым ліку цяпер, знаходзячыся на чале ўлады, зрабіць усё, каб і без мяне, без цяперашняга пакалення палітыкаў, якое рана ці позна пойдзе, Беларусь засталася суверэннай і незалежнай. І мы гэта зробім», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце, суседніх краінах пачалі яшчэ больш разумець, што каштоўней за стабільнасць і мір нічога няма.

Сітуацыя ў беларускай эканоміцы няпростая, але не крытычная — Лукашэнка

«У нас сітуацыя няпростая, як у Расіі, Казахстане, на постсавецкай прасторы, як і ў многіх краінах свету, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — На нас сур’ёзна паўплывалі санкцыі, якія ўвялі супраць Расіі, мы іх адчулі. І вось у Астане гэта было наша галоўнае пытанне, мы абмяркоўвалі тэму санкцый супраць Расіі. Дэвальвацыя расійскага рубля, абвал, абвал цэн на нафту, вядома, вельмі ўскладнілі сітуацыю ў Расіі, і мы абмяркоўвалі, як гэта паўплывала на членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У нас няпростая сітуацыя ў эканоміцы, але не крытычная».

Прэзідэнт таксама заўважыў: «Вельмі дрэнна, што мы ў свой час павольнымі тэмпамі дыверсіфікавалі як сваю эканоміку, так і экспарт. Бо ў нас адкрытая эканоміка. Мы больш за палавіну таго, што выпускаем, прадаём. І тым самым залежым ад знешніх рынкаў. Мы не паспелі даволі далёка адысці ад рынку Расіі, рынку постсавецкага і перайсці на іншыя». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер гэты працэс фарсіруецца.

«Гэта галоўнае, таму што гэта прыток валюты. Прыток валюты дае нам магчымасць утрымліваць і фінансава стабілізацыю, і, вядома, курс рубля. Ён цяпер стабілізаваўся на пэўнай адзнацы. Мы не ўкідваем золатавалютныя рэзервы для таго, каб яго падтрымаць. Устанавілі плаваючы курс, і, дзякуй богу, ён неяк стабілізаваўся. Дзесьці ў ручным кіраванні, дзесьці, калі гэта трэба, мы спрабуем не дапусціць абвалу, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы з боку дзяржавы не робім захадаў для таго, каб павялічыць інфляцыю».

«Што датычыцца інфляцыі, нам нядрэнна было б выйсці на 12-15 працэнтаў інфляцыі з такім разлікам, каб ужо ў наступным годзе гэта лічба была адназначнай. Мы можам гэта зрабіць. Што датычыцца золатавалютных рэзерваў — накопліваць іх цяпер складана. Вельмі важна іх не страціць, не зменшыць», — лічыць Прэзідэнт.

Лукашэнка лічыць, што да міру ва Украіне яшчэ далёка

«Вельмі шмат там падзей, розных тэндэнцый. Калі гаварыць коратка: не хацелася б, каб гэта было зацішшам перад бурай, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Ёсць пэўныя насцярожанасці і, я нават сказаў бы больш, пэўныя тэндэнцыі і факты, фактары, якія прымушаюць гаварыць аб тым, што да міру ва Украіне яшчэ далёка».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, больш за ўсё яго насцярожвае тое, што да мінскіх пагадненняў, перагаворнага працэсу адкрыта не былі падключаны Злучаныя Штаты Амерыкі. «Я лічу, што без амерыканцаў ва Украіне немагчыма ніякая стабільнасць. Сустракаючыся апошнім часам з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі, афіцыйнымі прадстаўнікамі, якія ў нас бывалі, я настойліва даводзіў да іх гэты пункт гледжання, заяўляючы аб тым, што я не ведаю, чаго хочуць амерыканцы тут, ва Усходняй Еўропе, ва Украіне ў прыватнасці, але калі амерыканцы хочуць, каб тут быў мір і стабільнасць, яны неадкладна павінны падключыцца да гэтага працэсу», — сказаў беларускі лідар.

«Злучаныя Штаты Амерыкі адыгрываюць рашаючую ролю ў гэтым працэсе і з пункту гледжання ўнутрыпалітычных працэсаў у самой Украіне, і з пункту гледжання таго, каб сесці за стол і дамовіцца з Расіяй па Украіне. Гэта вельмі важна», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Ён прадоўжыў: «Я не хачу сказаць, што гэта вайна Расіі. Але Расія ўцягнута так ці інакш у гэты канфлікт, і да яго, і ў працэсе яго, інакш быць не можа, недзе па сваёй волі, недзе не па сваёй волі. Гэта інфармацыйнае процістаянне, гэта эканамічнае, фінансавае, ды і ваеннае сутыкненне. Калі Расія і, з другога боку, Злучаныя Штаты Амерыкі захочуць, каб там быў мір, у гэтым выпадку на ўсходзе Украіны, гэта назаўсёды, пытанне будзе вырашана адназначна».

Што датычыцца пытання аб удзеле расіян у канфлікце ў Данбасе, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Не такія ўжо расіяне неразумныя, каб пасылаць туды войскі і падстаўляцца». «Дастаткова жадаючых у Расіі паехаць туды ваяваць, добрых спецыялістаў ваенных, якія прайшлі пэўную падрыхтоўку. І прыехаць у Данбас, за грошы або з ідэйных меркаванняў, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Іх тысячы, хто прыехаў з Расіі. І не толькі з Расіі. Я інфармаваны аб тым, што там з’яўляліся людзі і з Беларусі, зараблялі грошы. Але папракаць Расію ў тым, што там рэгулярныя расійскія часці прысутнічаюць, — гэта няправільна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі Злучаныя Штаты Амерыкі паставяць Украіне сур’ёзнае ўзбраенне, то гэта будзе штуршком да эскалацыі канфлікту. «І гэта будзе штуршок да таго, што Расія вымушана будзе на гэта рэагаваць, таму што, калі ідзе ўнутраны канфлікт, няхай у яго ўцягнуты многія апасродкаваныя дзяржавы, у тым ліку Расія, Усходняя Еўропа, Польшча, гэта адно, але, калі з’явіцца там моцны ігрок няхай праз пастаўкі зброі, зразумела і спецыялістаў (а многія ўжо заяўляюць аб тым, што там ёсць спецыялісты Злучаных Штатаў Амерыкі па ўзбраеннях, якія абучаюць украінскую армію, ды і Парашэнка аб гэтым гаворыць), калі з’явіцца такі моцны ігрок, актыўны ігрок, адкрыты, як Злучаныя Штаты Амерыкі, вы проста справакуеце Расію», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку Прэзідэнта Беларусі, усё можа быць прадоўжана вайной. «Ні ў аднаго з бакоў няма даверу адзін да аднаго. Гэта па-першае. Па-другое, чаго граху таіць, ва Украіне ёсць узброеныя людзі, і іх нямала, тысячы, якія не падпарадкоўваюцца ўказам Прэзідэнта і армейскаму ўкраінскаму кіраўніцтву (іх называюць батальёнамі алігархаў, яшчэ кімсьці — не важна, гэта справа густу, журналісты іх могуць называць як заўгодна), там ёсць вельмі добра ўзброеныя людзі, больш нацыяналістычныя, чым цэнтральныя ўлады, якія гатовы весці вайну да «пераможнага канца». Гэта таксама небяспека, гэта павышае градус недаверу паміж ваюючымі і канфліктуючымі бакамі. Ды і не ўсе выканалі рашэнні мінскага мемарандума па адвядзенні ўзбраенняў у зоне сутыкнення. Гэта таксама небяспечна. Гэта пагражае як мінімум пачаткам узброенага процістаяння, — сказаў беларускі лідар. — А далей адназначна — эскалацыя канфлікту і, баюся, уцягванне іншых дзяржаў, адкрытае ўцягванне ў гэты канфлікт».

Лукашэнка: яшчэ не ўпушчаны момант, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай

«Для таго, каб асуджаць, падтрымліваць або абвяргаць, трэба быць там, у гэтым катле. Парашэнка там, ён — Прэзідэнт Украіны, напэўна, яму лепш відаць. У нас мэты іншыя. Улады Украіны, мабыць, цяпер больш прыхільныя да таго, каб сілай вырашыць гэта пытанне, Усходняй Украіны. Я з іншых пазіцый зыходжу. Я лічу, што сілавога вырашэння гэтай праблемы няма. Гэта будзе шмат крыві, будзе эскалацыя канфлікту. Таму я за мірнае вырашэнне гэтага пытання. І ўсяляк садзейнічаў, каб гэты мір там настаў», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Я лічу, што сёння не ўпушчаны момант. І дзеля таго, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай, трэба выканаць мінскія пагадненні, пад якімі стаяць подпісы і кіраўніцтва Украіны», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Я збоку, мне прасцей, але я так думаю: а як бы я павёў сябе на месцы кіраўніка Украіны? Вы ведаеце, чалавечае жыццё, тым больш чалавечыя жыцці значна каштоўнейшыя і даражэйшыя за любыя канфлікты, тэрытарыяльныя прэтэнзіі і іншае, іншае. Дзеля жыцця людзей, каб не гінулі людзі, маладыя людзі, я пайшоў бы на кантакты з любымі. І тут не пазбегнуць канкрэтных кантактаў з цяперашнімі кіраўнікамі ДНР і ЛНР», — лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што канфліктуючыя бакі ва Украіне павінны сесці за стол перагавораў: «Калі ў лоб задаць пытанне вось гэтым, хто адкалоўся, або тэрыторыям, якія сябе называюць ДНР і ЛНР, калі там задаць канкрэтнае пытанне «вы дзе хочаце быць?», яны будуць гаварыць аб тым, што яны хочуць быць ва Украіне. У насельніцтва, якое там засталося, і, упэўнены, нават у кіраўнікоў няма жадання, каб з імі адбылося так, як з Крымам. Абсалютна. Дык што яшчэ трэба? Ведаючы аб тым, што гэта твая зямля і што там людзі хочуць жыць ва Украіне, чаму не рабіць крокі насустрач і не сесці за стол перагавораў з кіраўнікамі?! Гэта першае».

«Другое. Але ўсе разумеюць, што патрэбны ва Украіне нейкія змяненні. І яны без змяненняў у Канстытуцыю немагчымы. Нехта гаворыць аб федэралізацыі, аб аўтаноміі, а ўкраінскія ўлады кажуць аб дэцэнтралізацыі. Давайце ў Канстытуцыі Украіны замацуем гэтыя абсалютна зразумелыя і неабходныя сёння для Украіны напрамкі. Дэцэнтралізацыя — добра. Трэба сёння гэтым тэрыторыям прызнаць іх з асаблівым нейкім статусам — давайце зробім, спыніцца вайна. Адновім гэтыя тэрыторыі. Усё з цягам часу наладзіцца, калі мы хочам міру і цэласнасці Украіны», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Таму тут шэраг захадаў трэба рабіць — садзіцца з імі за стол перагавораў, дамаўляцца. Тым больш зразумела, аб чым дамаўляцца. Трэба  змяненні ў Канстытуцыю. І выходзіць на граніцу Украіны з Расіяй, закрываць яе. Расія, дарэчы, не супраць гэтага», — дадаў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне, што Прэзідэнт Беларусі рабіў бы на месцы Уладзіміра Пуціна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ні ў якім разе, асабліва цяпер, калі намеціліся тэндэнцыі да вырашэння канфлікту, не рабіў бы захады да эскалацыі гэтага канфлікту. «Я рабіў бы ўсё для таго, каб там захаваўся мір, для таго, каб Украіна засталася цэласнай і адзінай дзяржавай. І зрабіў усё для таго, каб хаця б з цягам пэўнага часу народы Украіны і Расіі забылі аб гэтым канфлікце», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка: Пуцін ніколі не ставіў пытанне аб уваходжанні Беларусі ў склад Расіі

Беларусь не стане часткай Расіі, і расійскае кіраўніцтва ніколі не ставіла такое пытанне, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Расіі шмат палітыкаў, якія «мысляць імперскі і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем». «На гэта мы даём канкрэтны адказ: мы не будзем паўночна-заходнім краем. Як і не будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расіяй!» — падкрэсліў беларускі лідар.

«І сёння кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла напрамую пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанёмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Ніколі Пуцін не ставіў перада мною пытання: вось, слухайце, вы, давайце, забудзьце пра сваю незалежнасць, вы будзеце губерняй Расійскай Федэрацыі. Ён ведае, як я на гэта адрэагую. Таму ніколі не было такога абмеркавання», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што апошні раз гэту тэму абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. «І мне спадабалася, калі ён сказаў (гэта яшчэ, дарэчы, было да канфлікту ва Украіне): «Нам не трэба падпарадкаваць, захапіць нейкую краіну, у тым ліку Беларусь, нармальная краіна, развіваецца, сярэднееўрапейская дзяржава (даслоўна гавару), у дружалюбных адносінах. Вы абсалютна не робіце замах на нейкія прынцыпы Расійскай Федэрацыі. Чаго нам трэба яшчэ? Вы жывяце ў сваёй кватэры, мы жывём у сваёй, але ў той жа час мы браты, мы родныя людзі, мы ходзім адзін да аднаго ў госці». Вось такое было абмеркаванне. Нармальнае, па-мойму», — адзначыў беларускі лідар.

На яго думку, не будзе Расія і ваяваць супраць Беларусі: «У кіраўніцтва Расіі няма падставы нават дрэнна ў наш бок глядзець. Яго не зразумее рускі народ, расіяне не зразумеюць. Чаго супраць нас ваяваць? Няма прычын. Таму я нават не думаю так, што Расія будзе ваяваць супраць Беларусі».

«Але я яшчэ раз падкрэсліваю: хто б ні прыйшоў да нас з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расіян — каго хочаце, калі яны паставяць перад сабой мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, на якім павінны жыць беларусы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Сто працэнтаў беларускага народа хочуць жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, і абараняць беларускі народ будзе сваю зямлю таксама, як належыць. Вазьміце гісторыю. У Другой сусветнай вайне мы страцілі кожнага трэцяга чалавека. Мы не сталі на калені перад агрэсарам, і мы абаранялі сваю зямлю. Гэтак жа мы будзем абараняць сваю зямлю і цяпер», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

«На Захадзе існуе меркаванне, што ён (Уладзімір Пуцін. — Заўвага БЕЛТА) хоча нейкую імперыю аднавіць. Ён па сутнасці іншы чалавек. Ён не будзе імкнуцца да аднаўлення нейкай імперыі. Але калі нехта ўжо вельмі будзе зарывацца і ківаць пальцам у бок Расіі, ды яшчэ і дубінай размахваць, то нават не толькі Пуцін, у расіян такі менталітэт, што на дубіну Расія адкажа. Таму з Расіяй трэба быць акуратнымі, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Няма ў Пуціна жадання нешта там захапіць. Ён сучасны чалавек і разумее, што ў сучасны час гэта вельмі небяспечна».

На думку беларускага лідара, папрокі аб умяшанні ва ўнутраныя справы суседніх краін можна адрасаваць не толькі Расіі, але і амерыканцам, Еўрасаюзу і іншым. «Што вам трэба было ў Лівіі, у Іраку, у іншых частках? Там жыццёва важныя вашы інтарэсы. Гэтак жа  заяўляе і Расія. У яе жыццёва важныя інтарэсы ў Грузіі, іншых суседніх рэспубліках, — сказаў Прэзідэнт. — Такі вобраз, калі можна сказаць, такія паводзіны характэрны для ўсіх вялікіх дзяржаў. Яны чамусьці лічаць, што, каб захавацца вялікімі дзяржавамі і пашыраць свае інтарэсы недзе, абавязкова трэба над некім панаваць. Таму папракаць Расію ў гэтым нельга».

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што пасля ўкраінскіх падзей адносіны Беларусі з Расіяй ніяк не змяніліся.

Лукашэнка: увядзенне адзінай валюты ў ЕАЭС — пытанне не сённяшняга дня

«Пытанне: як будзе функцыянаваць гэты валютны саюз або як адзіная валюта будзе функцыянаваць? Але гэта пытанне на парадку дня апошнім павінна стаяць, а не першым», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

На яго думку, гэту праблему вельмі раздулі. «Калі мы абмяркоўвалі ў Астане ўтраіх пытанне стварэння адзінай валюты, Пуцін гаварыў, што, каб больш глыбока эканамічна супрацоўнічаць, перад намі калі-небудзь паўстане пытанне адзінай валюты. Ну, магчыма, паўстане, гэтак жа, як еўра з’явілася ў Еўрасаюза, магчыма. Але гэта не пытанне сённяшняга дня, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Было разважанне Пуціна: вы не супраць, калі эксперты неяк будуць гаварыць аб гэтым? Добра, мы аб гэтым ужо даўно гаворым, няхай эксперты гавораць. Але не стаяла пытанне ўвядзення адзінай валюты ў які-небудзь перыяд, нават далёкі».

«Гэта апошні акт, які можа быць у нашым саюзе. Столькі яшчэ праблем і выклікаў Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, што яшчэ ці дажывём да гэтай адзінай валюты», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

«Таму гэта праблема раздуваецца з падачы расійскіх спецыялістаў: вось, пастаўлена пытанне — заўтра ўжо будзе адзіная валюта. Так пытанне нават не стаяла», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка: я ніколі не ўяўляў пагрозы для Захаду

«Я не магу быць пагрозай для Захаду, абсалютна, нават для адной нейкай канкрэтнай краіны. Для таго каб быць пагрозай каму-небудзь, трэба мець пэўны арсенал і магчымасці пагражаць. Каму я магу пагражаць? Абсалютна нікому. Гэта надуманае, гэта надуманы тэзіс, надуманае абвінавачанне ў мой адрас», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь з’яўляецца абсалютна міралюбівай краінай. «І калі я паспрабаваў бы каму-небудзь пагражаць, гэта быў бы першы крок да таго, што беларусы мяне не выбралі б Прэзідэнтам. Мы міралюбівы народ, мы не хочам ніякіх пагроз. Нам гэта не трэба, разумееце?» — сказаў ён.

«Чаму я павінен камусьці пагражаць? У нас што, не хапае тэрыторыі? Ды дай бог з гэтай тэрыторыяй разабрацца! У нас на такой тэрыторыі жыве ўсяго 10 млн чалавек, а мы свабодна можам пракарміць 20-25 млн. Нам насельніцтва не хапае на гэту тэрыторыю. Навошта мне каму-небудзь пагражаць? У мяне што, рэсурс каласальны — ваенны, эканамічны, фінансавы, што я сёння магу камусьці пагражаць?» — прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі.

«Я гэта добра разумею, таму я ніколі не быў злом для Еўропы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Еўрапейцы, і асабліва амерыканцы, няхай яны на мяне не пакрыўдзяцца, раней прынамсі, цяпер іншыя часы насталі, лічылі, што той рэжым, як яны гаварылі, у Беларусі, той унутраны лад, які ў нас ёсць, дзяржаўнае ўпарадкаванне, супярэчыць іх уяўленням, таму, што ёсць у іх, што ў нас не хапае дэмакратыі, у нас правы чалавека парушаюцца, таму трэба Беларусь змяніць. Паспрабавалі змяніць рознымі метадамі — не атрымалася. Тады мне павесілі на грудзі шыльду — дыктатар».

У час інтэрв’ю было закранута пытанне санкцый з боку Захаду адносна Беларусі.

На думку беларускага лідара, любыя санкцыі з’яўляюцца анахранізмам, карысці ад іх няма.

«І што, настала разруха, калі нам увялі санкцыі? Не, не настала. Свет глабалізаваны, і вы былі прыхільнікамі гэтай глабалізацыі, — сказаў Прэзідэнт. — І да чаго прывялі гэтыя санкцыі? Ні да чаго. Не змаглі нават задушыць невялікую Беларусь, ужо не кажучы пра Расію».

«Калі вы дзесьці націснеце на нас, дзверы ж адкрыты ў іншых дзяржавах. Мы супрацоўнічалі і супрацоўнічаем вельмі эфектыўна з Расіяй, Кітаем, Індыяй, іншымі азіяцкімі, персідскімі дзяржавамі, і афрыканскімі, і ў Лацінскай Амерыцы. Дзякуй богу, цяпер і са Злучанымі Штатамі Амерыкі выходзім на нармальнае супрацоўніцтва», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. «Таму санкцыі — гэта анахранізм, і я аб гэтым тады гаварыў. І час, а ён галоўны суддзя, пацвердзіў правільнасць маёй думкі», — дадаў ён



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.