Дар’я атрымала найвышэйшую адзнаку камісіі і Дыплом пераможцы ІІ ступені

Знай наших!

шлапакова

У пачатку сакавіка ў Мінску былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.

У сімвалічны год – Год моладзі – атрымаць Дыплом пераможцы прэстыжна і пачэсна ўдвая больш. Вельмі прыемна ведаць і чуць аб тым, што таленавітая моладзь нашага раёна заяўляе пра сябе не толькі ў раёне і вобласці, але і на рэспубліканскім узроўні. Прычым, узнагарода такого кшталту па філалагічным накірунку ў нашым раёне атрымана ўпершыню. Так, адзіннаццацікласніца, выпускніца раённай гімназіі Дар’я Шлапакова ў чарговы раз папоўніла капілку ўзнагарод роднай установы адукацыі і асабістую. Яна стала пераможцай і атрымала Дыплом ІІ ступені за сваю навукова-практычную працу па беларускай літаратуры ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу. Але не толькі гэта прынесла дзяўчыне гонар і славу. У секцыі «літаратуразнаўства» аддзяленні «Сацыяльна-гуманітарныя навукі» з дваццаці аднаго ўдзельніка з ўсіх абласцей Беларусі, шэсць з якіх – прадстаўнікі Гомельшчыны, Дарь’я адзіная змагла дастойна прадставіць нашу вобласць.
Нагадваем, што ў лістападзе мінулага года Дар’я Шлапакова выйшла ў абсалютныя пераможцы абласной прадметнай навукова-практычнай канферэнцыі «Пошук» па сацыяльна-гуманітарнаму накірунку, дзе яна была ўзнагароджана Дыпломам першай ступені за сваю навуковую працу «Народная песня ў каляндарна-абрадавай творчасці жыхароў Акцябршчыны».
Як тлумамачыць кіраўнік Дашы Т. С. Крэч, праект браў пачатак на абласных адкрытых мележаўскіх чытаннях, калі канкурсантка прадэманстравала свае здольнасці і атрымала Дыплом ІІІ ступені. Потым з крыху дапрацаванай работай Дар’я стала дыпламантам І ступені ўжо ў абласным этапе рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Пошук». Разам з Таццянай Сяргееўнай яны аздобілі праект практычнай часткай, і Даша прыняла ўдзел у заключным этапе рэспубліканскага конкурсу. Як бачна, вельмі паспяхова. Каб атрымалася ўсё на вышэйшым ўзроўні, спатрэбілася шмат часу. Дзесьці каля года настаўніца з вучаніцай збіралі неабходны матэрыял, штосьці аднаўлялі, упрыгожвалі сакавітай беларускай мовай, дадавалі асабісты каларыт. Наогул, яны лічаць, што гэта праца нават не аднаго года напрацовак, а ўсяго перыяду, калі з пятага класа Таццяна Сяргееўна пачала выкладаць у Дар’і беларускую мову і літаратуру. Старанні прынеслі свой вынік: гімназістка атрымала такую вось высокую ўзнагароду.
Пры абароне праекту канкурсантка ўразіла членаў журы падачай матэрыялу. Акрамя таго, што ў тэарэтычнай частцы Дар’я паспяхова справілася з заданнем і адказала на ўсе пытанні, у практычнай – ёй таксама не было роўных. У беларускім нацыянальным касцюме яна заводзіла песні. Манерай іх выканання, мясцовым дыялектам, чысцінёй вымаўлення літаратурнай беларускай мовы яна проста захапіла членаў журы. У дадатак да ўсяго, ім было прапанава азнаёміцца са спецыяльна аддрукаваным аўтарскім зборнікам, які ўключае каля пяцідзесяці аўтэнтычных песень розных вёсак раёна, запісаных ад носьбітаў. Акрамя таго, быў выпушчаны каляровы каляндар з фотаздымкамі, адлюстроўваючымі народныя абрады і звычаі нашай мясцовасці. Усё разам: і тэарэтычныя, і практычныя заданні, далі дзяўчыне магчымасць атрымаць найвышэйшую адзнаку прадметнай камісіі, у якую ўваходзілі загадчыкі і прадстаўнікі кафедраў вышэйшых устаноў адукацыі горада Мінска. За кароткі прамежак часу, 10 хвілін, Дар’я не толькі прадэманстравала добрыя веды пявучай роднай мовы, захапіла журы мясцовым фальклорам і манерай яго выканання, але і даказала, што народная песня па-ранейшаму жыве і павінна жыць далей, што лексічна, марфалагічны і фанетычна песні Рудабельшчыны адрозніваюцца ад іншых песень Беларусі. За ўсё яна вельмі ўдзячна кіраўніку фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі» В. Г. Дульскай, дзе дзяўчына займаецца ўжо не першы год. Вольга Гаўрылаўна навучыла сваю выхаванку захоўваць манеру выкання аўтэнтычных песень, ведаць значэнне кожнай з іх і разумець, што песня – гэта цэлы сусвет, жыццё народа і яго звычаі. Таму спевы – тое, з чым Дар’я справілася лёгка і натхнёна, вельмі аздобілі абарону працы.
На пытанне журы пра тое, чаму ж усё-такі яна абрала для сябе менавіта гэтую тэму, а не іншую, дзяўчына адказала: «Каб папулярызаваць і несці ў народ беларускія самабытныя песні. Каб нашы нашчадкі ведалі іх носьбітаў. Каб адраджалася нацыянальная культура». Цяпер у Дар’і ёсць магчымасць працягнуць работу і ў будучым, абараніць яе на міжнародным узроўні. Хто ведае, мо загучаць мясцовыя песні Акцябршчыны далёка-далёка за яе межамі. І ўсё дзякуючы такім вось старанным, таленавітым патрыётам сваёй малой радзімы, як Дар’я Шлапакова.
Трэба адзначыць, што імя гімназісткі, якая атрымала ўзнагароду з рук намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Р. С. Сідоранка, за выдатную абарону праекту даследчага характару,   занесена ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Віншуем Дар’ю, яе кіраўніка і бацкоў з гэтай значнай падзеяй і шчыра жадаем дзяўчыне далейшых поспехаў, а таксама ў інтэлектуальна-творчай дзейнасці. Наперадзе выпускныя іспыты і ўступныя выпрабаванні да шляху ў ВНУ.
Асабіста ад сябе Дар’я  дадае: » Вялікі дзякуй Таццяне Сяргееўне Крэч і бацькам за тое, што яны не шкадавалі часу і дапамагалі, як маглі, ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсе».

Толькі дзякуючы такой шчырай падтрымцы, на яе думку,  і атрымаўся цудоўны вынік.
Наталля Евенка. Фота прадастаўлена раённай гімназіяй.+++



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *