Як люстэрка ўсіх падзей. На мясцовым узроўні

В трудовых коллективах

Гісторыю «Чырвонага Кастрычніка» працягласцю ў тры чвэрці стагоддзя стваралі і ствараюць людзі – нашы з вамі землякі, шчыра адданыя роднаму краю, верныя традыцыям гераічнага мінулага Акцябршчыны.

Сучаснае жыццё з яго бурнымі тэмпамі развіцця ўжо ніяк немагчыма ўявіць без сродкаў інфармацыйнага забеспячэння – друкаваных выданняў, тэлебачання і радыёвяшчання, шырокага доступу ў інтэрнэт. Газета ж, якая ў залежнасці ад сваёй тэматычнай, спецыялізаванай і ведамаснай прыналежнасці рэгулярна, а некаторая ці не кожны дзень прыходзіць па пошце ў наш дом, займае сярод вялізнай інфармацыйнай прасторы асобае месца. І гэта зусім не выпадкова. Раённая газета альбо, прасцей кажучы, «раёнка», са сваіх старонак нясе ў масы самыя свежыя навіны, дзеліцца аўтарскімі роздумамі з нагоды апошніх падзей, падае іншую інфармацыю на разнастайную тэматыку, цікавую для чытачоў таго ці іншага рэгіёна. У гэтым плане «раёнка» адрозніваецца ад цэнтральнага друку і «сусветнай павуціны», распавядаючы пра нашых суседзяў і землякоў, іх лёсах, поспехах і захапленнях, а без публікацыі ў газеце мы маглі б і не ведаць пра тое, што адбываецца побач, калі сталічным, абласным і іншым выданням па спецыфіцы іх работы ў СМІ зрабіць такое проста немагчыма. Вось чаму мясцовае насельніцтва заўсёды шануе і любіць сваю родную газету. Яе выхад у свет непасрэдным чынам звязаны з дзейнасцю выканаўчай і заканадаўчай улады на месцах, а «раёнка» ў пэўнай ступені з’яўляецца яе органам, дзе аператыўна і дакладна адлюстроўваюцца ўсе падзеі сучаснасці, што адбываюцца ў раёне (а самыя важныя – і за яго межамі), узгадваецца і пра мінулае. І вось ужо на працягу 75-ці гадоў наша раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» з такім прызначэннем выступае як верны спадарожнік акцябрычан у іх будні і святы.
У параўнанні з многімі іншымі «раёнкамі» рэспублікі, наш «Чырвоны Кастрычнік» некалькі маладзейшы па сваім узросце. Справа ў тым, што Акцябрскі раён быў утвораны 28 чэрвеня 1939 года, у той час, як большасць адпаведных тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак (асабліва ва ўсходняй частцы БССР) з’явіліся на карце ўсяго праз некалькі гадоў пасля ўсталявання Савецкай улады на Беларусі. А які ж раён ды без свайго друкаванага органа? Вось і на Акцябршчыне неўзабаве пасля вышэйназванай падзеі пачаліся арганізацыйныя мерапрыемствы па стварэнні газеты-«раёнкі». Хоць і з цяжкасцямі, але даволі хутка быў падабраны зусім невялікі штат літаратурных работнікаў і друкароў, знайшлося і памяшканне ў ранейшым панскім маёнтку на тэрыторыі сучаснага гарадскога сквера. На жаль, так і засталася невядомай дакладная дата выхаду ў свет першага нумара «Чырвонага Кастрычніка», як і не давялося адшукаць і яго даваенныя экзэпляры – непасрэдных сведкаў, маючых дачыненне да нашай «раёнкі» ў той далёкі час, ужо не засталося, ды і вайна не пашкадавала тагачасную Рудабелку, калі амаль уся яна была спалена карнікамі, згарэлі, безумоўна, і архівы з каштоўнымі звесткамі. Вядома толькі (зноў жа па расказах былых сведкаў), што першы нумар акцябрскай «раёнкі» быў аддрукаваны дзесьці бліжэй да новага, 1940-га, года прыкладна ў 20-х чыслах, і гэта лічыцца за час яе нараджэння, а першым рэдактарам з’яўляўся Юрый Бенефіцыянавіч Шляфер.
Вернасць ідэям і традыцыям Вялікага Кастрычніка, які значна змяніў жыццё малазямельнага сялянства Рудабельшчыны ў лепшы бок, знайшла сябе і ў назве раённага друкаванага органа – «Чырвоны Кастрычнік». Назва такой засталася да сённяшняга дня за выключэннем перыяду фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Першы пасля 22 чэрвеня 1941 года нумар райгазеты выйшаў пад загалоўкам «За Радзіму» з дэвізам «Алоўкі заменім на вінтоўкі, пяро – на штык!» А праз некалькі месяцаў у лясным урочышчы Стоўпішча за пасёлкам Дзёртка быў распачаты рэгулярны выпуск падпольнай раённай газеты пад назвай «Народны мсцівец», што адпавядала падзеям тых грозных дзён, для чаго былі выкарыстаны своечасова схаваныя ад фашыстаў шрыфты і друкарскае абсталяванне. Рэдагаваў «раёнку» ў перыяд фашысцкай акупацыі былы партыйны работнік Філімон Міхайлавіч Камоцкі, а над выпускам газеты-партызанкі працавалі літсупрацоўнікі Мікалай Міхайлавіч Бабак і Сцяпан Пятровіч Шарамет, наборшчыца Ніна Раманаўна Кандратовіч разам з памочніцай Вольгай Антонаўнай Пацай. Усяго за 3 гады акупацыйнага рэжыму ў падпольных умовах было выпушчана 69 нумароў «Народнага мсціўца». Гэта лічылася як подзвігам, так і гонарам, таму што ў фашысцкім тылу на тэрыторыі раёна, акрамя мясцовага «Народнага мсціўца», выдаваліся цэнтральная газета «Звязда» і абласная «Бальшавік Палесся» (востраў Добры ва ўрочышчы Дзвесніца).
Адразу пасля вызвалення Акцябршчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (27 чэрвеня 1944 года) пачалі прымацца захады для адраджэння раённай газеты. Новым яе адрасам стаў уцалелы ад бамбёжак дом у пасёлку за чыгункай, а сфарміраваны з вялікай цяжкасцю калектыў узначаліла настаўніца лясной школы і партызанка Вольга Герасімаўна Яраш. Яна здолела ў няпростых умовах наладзіць стабільны выпуск раённага друкаванага выдання, якое набывала ўсё большую папулярнасць і павагу ў чытачоў.
У верасні 1948 года, калі В. Г. Яраш перайшла на савецкую работу, рэдактарам прызначылі былога партызана Сямёна Цімафеевіча Малаковіча, які працаваў на гэтай адказнай пасадзе да 1953-га года. Наогул, у той пасляваенны час кіраўнікі акцябрскай газеты мяняліся даволі часта, як і, дарэчы, памяшканні, дзе вярсталася і друкавалася газета. З 1953 па снежань 1962-га года рэдакцыю пачаргова ўзначальвалі Аляксандр Міхайлавіч Ермаліцкі, Емяльян Іванавіч Карклін, Іван Віктаравіч Анкудовіч. Нягледзячы на частую змену кіруючых і журналісцкіх кадраў, газета набыла свой твар, адлюстроўвала зноў жа ў духу часу і станоўчыя, і адмоўныя з’явы таго даволі складанага перыяду ў гісторыі раёна і краіны ў цэлым. А адказныя сакратары «раёнкі» Яўген Каршукоў, Іван Абабурка і Васіль Лаўрыновіч, акрамя газетнай справы, паспяхова праяўлялі сябе і ў літаратурнай творчасці.
Пасля амаль 4-гадовага маўчання са снежня 1962 па ліпень 1966-га года ў сувязі са скарачэннем раёна і далучэннем яго тэрыторыі да суседняга Светлагорскага мясцовая «раёнка» адзначыла другі дзень нараджэння напярэдадні новага, 1967 года. Яе станаўленне адбывалася не нашмат лягчэй, чым адразу пасля вайны: журналісцкія кадры раз’ехаліся, ізноў жа адсутнічала матэрыяльная база (пад друкарню прыстасавалі гаражы былога будынка райвыканкама, што на Партызанскай плошчы). Нялёгка даводзілася тагачаснаму рэдактару Вадзіму Трыфанавічу Цішкевічу і адноўленаму калектыву рабіць газету ў складаных умовах, захопліваючы і начны час, аднак «раёнка» станавілася ўсё цікавейшай і разнапланавай і набывала папулярнасць у чытача.
У 1970 годзе Вадзіма Трыфанавіча на пасадзе рэдактара змяніў Віктар Аляксандравіч Лоўгач, які на той час меў пэўны вопыт журналісцкай работы ў іншых раённых перыядычных выданнях. З яго кіраўніцтвам звязаны 29-гадовы перыяд гісторыі нашай «раёнкі», якая перажывала тады часы так званай «эпохі застою», перабудовы, развала Савецкага Саюза з усімі выцякаючымі наступствамі, станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Раённы друкаваны орган тым не менш трымаў цвёрдую пазіцыю ў праўдзівым і дакладным адлюстраванні падзей і з годнасцю прайшоў праз выпрабаванні ідэалагічнага характару тых супярэчлівых перыядаў навейшай гісторыі і свайго чытача не страціў. Пад кіраўніцтвам В. А. Лоўгача раённая газета неаднаразова станавілася пераможцам творчых конкурсаў рознага маштаба, а сам рэдактар, які да таго ж выдаў некалькі кніжак сваіх твораў, быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Абавязкі галоўнага рэдактара са студзеня 1999 па жнівень 2002 года выконваў былы загадчык аддзела пісьмаў «Чырвонага Кастрычніка» з 30-гадовым стажам Георгій Кірылавіч Кундас. І яго прыход на новую пасаду таксама не абыйшоўся без цяжкасцяў: так склалася, што ў сувязі з кадравай праблемай рабіць газету даводзілася толькі двум творчым работнікам, пакуль на працягу 1999 года не прыйшло ў рэдакцыю новае папаўненне, і то ў выніку вымушана праведзенага творчага конкурсу. Аднак і тады «раёнка» прыцягвала да сябе чытачоў цікавымі і разнастайнымі матэрыяламі.
У перыяд рэдагавання газеты Алай Сямёнаўнай Фядосенка (жнівень 2002-жнівень 2007 года) павялічыўся тыраж выдання, былі паспяхова ажыццёўлены новыя творчыя праекты, што зрабіла «раёнку» больш цікавай і чытабельнай. Справу вопытнага журналіста і рэдактара дастойна працягнула Валянціна Уладзіміраўна Шлапакова. Пад яе кіраўніцтвам са жніўня 2007 па снежань 2012 года (зараз Валянціна Уладзіміраўна – упраўляючы справамі Акцябрскага райвыканкама) замацаваўся кадравы патэнцыял, значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база, газета ў цэлым і журналісты паасобку сталі ўладальнікамі шматлікіх узнагарод за перамогі ў разнастайных конкурсах, прычым не толькі на ўзроўні раёна, а і вобласці і нават рэспублікі.
Зараз газета выходзіць у новым фармаце – 16 палос адзін раз на тыдзень і на трэць у каляровым афармленні. І як заўсёды ў цэнтры ўвагі мясцовага друкаванага выдання былі і застаюцца чалавек працы, творчая асоба, лепшыя здабыткі і дасягненні акцябрычан, што знаходзіла адлюстраванне на старонках «Чырвонага Кастрычніка» за яго 75-гадовы шлях, паспяхова працягваецца і зараз незалежна ад фармата і афармлення нашай раённай газеты – шчырага і надзейнага сябра на ўсе часы.
Юрый Каспяровіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.