Майстры пяра і аддрукаваных старонак

Человек и его дело

Віктар Аляксандравіч Лоўгач, рэдактар райгазеты “Чырвоны Кастрычнік” з 1970 па 1999 год:
– Станаўленню раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” і набыццю яе папулярнасці ў чытачоў на працягу 50-60-х гадоў садзейнічала тагачаснае ўмелае кіраўніцтва мясцовым перыядычным выданнем у асобе рэдактараў Емяльяна Каркліна, Івана Анкудовіча і Вадзіма Цішкевіча, ад якога я пераняў “эстафету” ў 1970 годзе. І пры мне таксама нешта добрае рабілася. Дастаткова сказаць, што трое нашых супрацоўнікаў, дасягнуўшых значных творчых поспехаў і прафесійнага росту менавіта падчас працы ў “Чырвоным Кастрычніку”, Міхаіл Татур, Сцяпан Гоман і Анатоль Пянко сталі рэдактарамі раённых газет у Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях, а Віталь Краснабаеў – намеснікам рэдактара жлобінскай “раёнкі”, Раіса Бусел рэдагавала шматтыражку на торфапераапрацоўчым заводзе ў Мазыры. Віктар Іосіфавіч Лоўгач, які працаваў у нас на пачатку 70-х, пазней загадваў сектарам друку ў Гомельскім абкаме партыі і ў ЦК КПБ. Пасля работы ў нашай “раёнцы” супрацоўнік Усевалад Палякоў скончыў аспірантуру і выкладаў на факультэце журналістыкі ў БДУ імя Леніна, Святлана Лін загадвала лабараторыямі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, а Ігар Грамовіч звязаў свой далейшы жыццёвы лёс з органамі дзяржаўнай бяспекі, даслужыўся да падпалкоўніка.
За час майго рэдактарства былі накіраваны ў Мінскае вучылішча паліграфістаў больш за трыццаць юнакоў і дзяўчат, аказвалася садзейнічанне для паступлення на журфак БДУ 17-ці чалавекам з ліку выпускнікоў школ і рабочай моладзі.
Асаблівай увагі заслугоўвае фотакор Іван Раговіч (на вялікі жаль, ён раптоўна пайшоў з жыцця ў самым яго росквіце). Ён самастойна ўдасканаліў ЭГА-машыну для нарэзкі клішэ і дапамагаў наладжваць работу падобнага агрэгата ў лоеўскай, жыткавіцкай і глускай рэдакцыях.
Вельмі многае зрабілі для якаснага набору і вёрсткі газеты наборшчыца Люся Ганчарэвіч і лінатыпістка Галіна Мароз (яна была пераможцай і займала прызавыя месцы ў конкурсах прафесійнага майстэрства). Працягваючы справу бацькоў, наш супрацоўнік Алег Мароз у свой час стаў другім у вобласці друкаром газеты на новым абсталяванні – рызографе.
Наогул, у нашай рэдакцыі працавалі людзі з цікавым лёсам. Гэта, напрыклад, Мікалай Салавей, былы камісар партызанскага атрада, Любоў Тарасевіч, разумная і творчая дзяўчына з задаткамі таленавітага паэта, якая выйшла замуж за друкара цэнтральнай газеты “Правда” і пераехала жыць у Маскву. Важкі ўклад у развіццё газеты за розныя гады ўнеслі загадчык сельгасаддзела Соф’я Багдановіч, карэспандэнты Леанід Шчэрбін і Віктар Стрыжак (яны, дарэчы, выдалі па кнізе сваіх вершаваных твораў), друкар Уладзімір Гусакоў, бухгалтары рэдакцыі Вольга Драздова і Марыя Кароль, карэктар Таццяна Дубіна і іншыя. А вось сярод маладзейшых супрацоўнікаў газеты, якія шчыруюць і зараз, неабходна адзначыць Наталлю Ёвенка: яна пачынала з аператара камп’ютарнага набору аўтарскіх матэрыялаў, а стала журналістам і ўжо мае пэўныя ўзнагароды.
Важкую падтрымку “раёнцы” аказвалі і аказваюць нашы пастаянныя і актыўныя падпісчыкі – Міхаіл Беразоўскі, Еўдакія Кончыц, Сяргей Рак і многія іншыя.
Разам з калегамі і пазаштатнымі аўтарамі за амаль 29 гадоў працы рэдактарам “Чырвонага Кастрычніка” нешта ўдалося зрабіць і мне для нашай газеты. Мы часта ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і займалі першыя-другія месцы, а я быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры і друку за вялікі ўклад у развіццё айчыннай журналістыкі. Выдаў тры кнігі гумару, а зараз рыхтуецца да друку і чацвёртая “Гумар на пасашок”, таксама мае творы надрукаваны ў 13-ці зборніках-альманахах. Рэгулярна супрацоўнічаю і з часопісам “Вожык”, за што сёлета ўзнагароджаны знакам “За вялікі ўклад у літаратуру”.
У нашай любімай і шануемай акцябрычанамі “раёнкі” сёння юбілей. З гэтай нагоды шчыра жадаю ўсім яе цяперашнім работнікам моцнага здароўя і бадзёрага настрою, творчага натхнення, і каб газетныя артыкулы і публікацыі заўсёды выклікалі цікавасць у розных пакаленняў акцябрычан.
Юрый  Каспяровіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.