Было складана, але цікава

Человек и его дело

DSC_0408Галіна Міхайлаўна Мароз, работнік друкарскага ўчастка райгазеты з 1967 па 2006 год:

– З друкарскай справай звязана ўсё маё працоўнае жыццё. Пасля заканчэння васьмі класаў Сорагаўскай школы Слуцкага раёна я падала дакументы ў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №32 паліграфістаў. А паступаць у гэтую навучальную ўстанову тады даводзілася ў прамым сэнсе слова, бо будучыя лінатыпісты здавалі ўступныя экзамены па рускай мове вусна і пісьмова: каб набіраць тэкст на спецыяльнай машыне, патрэбна было добра ведаць граматыку і правапіс. Пасля заканчэння вучылішча першым маім рабочым месцам стала друкарня пры буда-кашалёўскай раённай газеце «Авангард». Так бы там і засталася ў вельмі добрым калектыве, але прыйшло запрашэнне з Акцябрскага, дзе пасля скарачэння зноў утварыўся раён і вельмі былі патрэбны спецыялісты для выпуска мясцовай газеты. Да сённяшняга дня яскрава памятаю свой першы прыезд сюды: у сакавіку 1967 года ляцела з Гомеля ў незнаёмае для мяне месца на самалёце-«кукурузніку», а маімі спадарожнікамі былі добра вядомыя старэйшаму пакаленню акцябрычан Васіль Анісімавіч і Ганна Фядосаўна Зыблевы, якія таксама дабіраліся ў наш райцэнтр на новае месца жыхарства і работы.
Пачаліся працоўныя будні, якія доўжыліся амаль без перапынку, бо святаў па спецыфіцы дзейнасці супрацоўнікі друкарні практычна не ведалі. Ды і ўмовы былі ў пэўнай ступені «спартанскія»: газету рабілі ў непрыстасаваным памяшканні будынка гаражоў тагачаснага райвыканкама, што на Партызанскай плошчы райцэнтра, дзе ў цесным пакоі, які ацяпляўся ад прымітыўнай печкі-буржуйкі, месціліся і лінатыпісты, і наборшчыкі, і друкары. Да таго ж працавалі мы і позна ноччу, калі прымалі па радыё тэрміновую інфармацыю з БелТА альбо паведамленне ТАСС у канверце, напрыклад, аб чарговым палёце савецкага касмічнага экіпажа, што не цярпела ніякага адкладу і адразу ішло ў нумар «раёнкі». Я нават і дэкрэтным водпускам не скарысталася – сын Алег (ён зараз працягвае справу бацькі і загадвае друкарскім участкам рэдакцыі) гадаваўся і сталеў побач са мной у рабочай абстаноўцы. Аднак хоць мы і былі значна загружаны ў той ужо далёкі час, але жылі вельмі дружна і цікава, у свабодныя хвіліны разам адзначалі сямейныя святы і іншыя значныя падзеі, ладзілі паходы па маляўнічых мясцінах, якіх шмат у наваколлі Акцябрскага. Наш калектыў друкарні, які тады ўзначальваў Павел Іванавіч Мітраховіч, складаўся ў асноўным з моладзі, самымі актыўнымі былі мае равеснікі Валодзя Гусакоў, Люда Макарская, Тамара Касцюкевіч і іншыя.
Некалькі лягчэй стала працаваць, калі мы на пачатку 70-х перайшлі ў больш прасторны будынак, дзе зараз размешчана аўташкола. З гадамі ўдасканальвалася матэрыяльна-тэхнічная база, замацоўваўся кадравы патэнцыял. Ды і вопыт работы прыносіў станоўчы плён. Напрыклад, мне было даручана прадстаўляць нашу друкарню на абласных і рэспубліканскім конкурсах сярод лінатыпістаў, у якіх займала прызавыя месцы. Вельмі ўдзячна лёсу, што давялося працаваць з шчырымі, улюбёнымі ў сваю справу людзьмі, якія дапамагалі мне дасягнуць пэўных поспехаў у маёй прафесіі на карысць нашай газеты і раёна ў цэлым. Пастаянна сачу за поспехамі і дасягненнямі сучаснага калектыва «Чырвонага Кастрычніка», рада ад душы, што ў яго многае атрымліваецца. Таму напярэдадні юбілея раённай газеты шчыра жадаю ўсім сённяшнім і былым супрацоўнікам «раёнкі» здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту, новых поспехаў у працы і паўсядзённых справах.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.