У віхуры “Полькі” і “Лявоніхі”

Культура

IMG_4838

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў прайшоўшага фестывалю “Берагіня” стаў ХІІ Рэспубліканскі конкурс пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў, які сабраў сваіх шматлікіх прыхільнікаў.

Ідэя фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, якую распрацаваў яго натхняльнік і мастацкі кіраўнік Мікалай Аляксеевіч Козенка, першапачаткова крылася непасрэдна ў прапагандзе і папулярызацыі побытавых танцаў, далучэнні дзяцей і моладзі да крыніц народнага харэаграфічнага мастацтва. І таму з цягам часу, калі фестываль “Берагіня” кожны раз пашырае свае межы, становіцца больш удасканаленым, конкурс танцавальных пар разам з турнірам дзіцячых фальклорных калектываў, выступленнем дарослых аўтэнтычных гуртоў і асобных выканаўцаў, кірмашом народных умельцаў і святам “Купалле” займае цэнтральнае месца ў ходзе правядзення фестывалю.

Танец здаўна лічыцца душою народа, неад’емнай часткай побыту і культуры чалавека. Напрыклад, як кажуць у вёсцы Нізок на Уздзеншчыне, радзіме выдатных майстроў мастацкага слова Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса, на маладую дзяўчыну: “Абы ўмела танчыць, а рабіць і гора наўчыць”. Гэта яскрава сведчыць аб папулярнасці танца для народа, яго менталітэце, важкай крыніцы ў развіцці асобы.

Рэспубліканскі турнір танцавальных пар праводзіцца ўжо ў 12-ы раз, і 8-ы – у рамках “Берагіні”. Сёлета ўдзел у такім форуме прынялі 58 пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў, якія прадстаўлялі 17 раёнаў з усіх абласцей рэспублікі, акрамя Гродзенскай.

У адборачным туры, паўфінале і фінале ўдзельнікі конкурсу паказвалі сваё майстэрства і спрыт у аматарскім выкананні народнага танца згодна з асаблівасцямі і традыцыямі пэўнай мясцовасці. Танцы “Лявоніха”, “Полька”, “Матлет”, “Мікіта”, “Ойра”, “Месяц”, “Субота”, “Лысы”, “Падэспань”, “Кракавяк”, “Какетка”, “Полька-бабачка” і некаторыя іншыя пачаргова змянялі адзін аднаго у розных узроставых групах (іх сёлета было чатыры – вучні 5-6-х класаў, 7-8-х класаў, моладзь і носьбіты мастацкіх традыцый больш сталага ўзросту).

Нельга не заўважыць, што ад фестывалю да фестывалю танцавальнае майстэрства ўдзельнікаў удасканальваецца ўсё больш і больш. Гэта можна было адзначыць як па дакладных, зладжаных рухах юных і дарослых танцораў, так і па адзнаках экспертнага журы. Па меншай меры выканаўцам толькі некалькі разоў ставілі тройкі, а вышэйшая адзнака – пяць – вельмі часта пераважала над чацвёркамі.

З 58-і пар да фіналу дайшло лепшых 25 – па 6 у кожнай узроставай групе, акрамя малодшай. Там за перамогу змагалася 7 пар. Экспертнаму савету, які ўзначальваў балетмайстар-пастаноўшчык Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Рыгоравіч Дудчанка, было даволі складана вызначыць лепшых майстроў народнага танца. Толькі прэтэндэнты на перамогу, якія атрымалі вышэйшыя балы ад кожнага з 5-і экспертаў, ператанцоўвалі па другому разу і паказалі сябе дастойна, нягледзячы на вялікую фізічную нагрузку і моцную стомленасць.

Аднак пераможцам усё ж такі  павінен стаць хтосьці адзін, а дакладней, адна пара. Прыемна, што ў трох узроставых групах (акрамя носьбітаў мастацкіх традыцый) неаднаразова лідарамі прызнаваліся гаспадары фестывальнай пляцоўкі – акцябрычане. Так, удзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Праменьчыкі” ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. п. Акцябрскі” Ілля Дайнека і Валерыя Ляпко з малодшай узроставай групы былі прызнаны лепшымі ў выкананні танцаў “Лявоніха” і “Полька”, а Мікіта Жулега і Кацярына Ліхашапка з групы “Моладзь” (узорны фальклорны ансабль “Рудабельскія зорачкі” ДУК “Акцябрскі цэнтр вольнага часу”) перамаглі ў танцах “Мікіта” і “Полька”. Ягор Ахраменка і Ірына Бабаед з нашых “Праменьчыкаў” па агульных выніках конкурсу сталі лаўрэатамі ІІ ступені.

А вось імёны абсалютных пераможцаў ХІІ Рэспубліканскага конкурсу пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў. Дыпломамі лаўрэатаў фестывалю І ступені ўзнагароджаны ва ўзроставай групе 5-6-я класы Ілля Дайнека і Валерыя Ляпко (“Праменьчыкі”, г. п. Акцябрскі); 7-8 класы – Міхаіл Астаповіч і Анастасія Байкова (узорны фальклорны ансамбль “Лянок” ДУА “Пратасевіцкая дзіцячая школа мастацтваў” Асіповіцкага раёна); “Моладзь” – Мікіта Жулега і Кацярына Ліхашапка (“Рудабельскія зорачкі”, г. п. Акцябрскі); “Носьбіты” – Васіль Дзмітрыевіч Адаміч і Галіна Мікалаеўна Вабішчэвіч (фальклорны гурт “Лявоніха” Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна). Акрамя дыпломаў, пераможцы і прызёры, таксама як і іх кіраўнікі, атрымалі ад арганізатараў свята каштоўныя падарункі.

Чарговы фестываль з яго шырокай танцавальнай праграмай паспяхова завяршыўся. ХІІ Рэспубліканскі конкурс пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў – стаў яшчэ адной яскравай старонкай гісторыі “Берагіні”, якая адкрывае новыя таленты. Дзякуй усім удзельнікам, гледачам за шчырыя пачуцці, пазітыўныя эмоцыі і гарачыя апладысменты.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.