Танцы, спевы, казкі і падворкі: спаборнічалі дзеці

Культура

IMG_5178

Рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў завяршыўся перамогай нашых землякоў – удзельнікаў узорнага фальклорнага ансамбля “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра.

Гэты конкурс, які ладзіцца ў рамках “Берагіні” ўжо ў 6-ы раз, заўсёды выклікае не меншую цікавасць у гледачоў, чым танцавальны і іншыя турніры. Сёлета ўдзел у дзіцячай прэзентацыі прынялі 6 фальклорных калектываў з розных куткоў краіны. Гэта дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці; узорны фальклорны калектыў “Лецейка” ДУА “Гомельская дзіцячая школа мастацтваў Полацкага раёна”; узорны фальклорны ансамбль “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага КСЦ Акцябрскага раёна; узорны фальклорны ансамбль “Этнашкола “Традыцыя” ДУА “Сярэдняя школа № 30 г. Гомеля”; узорны фальклорны гурт “Купалачка” Дзмітраўскага філіяла ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Валошкі” Новінскага СДК Бярэзінскага раёна.

Юныя артысты спачатку паказвалі свае здольнасці ў праграме “Харэаграфічнае мастацтва” па намінацыях “Кадрыля” і “Карагод”. Усе танцавальныя нумары значна адрозніваліся адзін ад аднаго па мясцовых асаблівасцях выканання кадрылі, манеры танца і паводзін у ім. Ды і назвы вылучаліся арыгінальнасцю: “Сэйма” на чатыры калены, “Тадора”, “Хаціслаўскія прычэпы”, “Кадрыля” шматкаленная. “Цярэшкавы шчодрыкі” прадставілі на суд экспертаў і гледачоў “Рассветаўскую кадрылю”, якую раней выконвалі на вячорках, вялікіх святах, у тым ліку і на Купаллі.

З не меншай цікавасцю ўспрынялі гледачы намінацыю “Карагод”. Без яго не абыходзіліся ў нашых продкаў шматлікія народныя абрады, вялікія святы. Гэта траецкі карагод “Завіванне вянкоў” (прадставіў ансамбль “Купалачка”), “Гыля-гыля, гусі шэрыя, дамоў!” (ансамбль “Валошкі”), купальскі карагод “Ой, на гары, на гары” (“Цярэшкавы шчодрыкі”), вельмі арыгінальны і відовішчны карагод з імправізаванай каровай “На Юр’еву росу” (гурт “Вясковая табала”), карагод абраду “Юр’е” (“Этнашкола “Традыцыя”) і “Купала, дзе ўсю ноч бувала?” (калектыў “Лецейка”).

У Рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў уваходзіла і праграма “Народная проза”. Выступленні яе ўдзельнікаў суправаджаліся шчырымі апладысментамі. Вядома, што народныя казкі з’яўляюцца скарбніцай жыццёвай мудрасці, распавядаюць аб высокіх маральных каштоўнасцях, барацьбе зла з дабром, дзе апошняе заўсёды перамагае. Але адна справа – іх проста прачытаць пра сябе, а другая – выразна расказаць са сцэны, што рабятам удалося. Прысутных па-сапраўднаму ўразіла шчырае чытанне вядомых казак, такіх як, напрыклад, “Воўк і сямёра казлянят”, “Пра Цмока”, “Галінка і варабей”, а таксама баек і паданняў, спаборніцтва па хуткамоўках (па-руску – скороговорки).

Наперадзе ўдзельнікаў дзіцячага турніру чакала намінацыя “Прэзентацыя рэгіянальных выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва” ў праграме “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. На разгорнутых у гарадскім скверы стылізаваных, багата аформленых падворках, упрыгожаных ткацкімі, вышыванымі і іншымі вырабамі, юныя ўдзельнікі дзіцячых ансамбляў пад музычнае суправаджэнне, спевы і танцы паказвалі свае прадстаўленні, адно цікавейшае за другое.

А вось і вынікі турніру. Яго пераможцам сталі акцябрычане – узорны фальклорны ансамбль “Цярэшкавы шчодрыкі” з Рассвета. На другім месцы – дзіцячы клуб аматараў фальклору з Брэсцкай вобласці “Вясковая табала”, на трэцім – госці з Клічаўскага раёна Магілёўшчыны з узорнага фальклорнага калектыву “Купалачка”. Сустрэцца з дзіцячымі фальклорнымі ансамблямі гледачам была прадастаўлена магчымасць і ў час закрыцця фестывалю “Берагіня” на заключным канцэрце.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара

IMG_5203 IMG_5190 IMG_5188 IMG_5180 IMG_5178 IMG_5134 IMG_5133 IMG_5103 IMG_5097 IMG_5059 IMG_5022 IMG_5014 IMG_4990 IMG_4988 IMG_4951  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.