Мы Вамі ганарымся

Знай наших!

Ловгач В. А.Напярэдадні самага вялікага свята краіны – Дня Незалежнасці – наш зямляк, пісьменнік, былы галоўны рэдактар раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» Віктар Аляксандравіч Лоўгач атрымаў вышэйшую ўзнагароду грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» – нагрудны знак «За вялікі ўклад у літаратуру».

У літаратуры Віктар Аляксандравіч, можна сказаць, змалку. Зацікавіўся сатырай і гумарам яшчэ ў школьныя гады. Пісаў дэтэктыўныя і лірычныя апавяданні, фельетоны, байкі ў прозе, прыпеўкі. Друкаваўся на старонках розных перыядычных выданняў: газет «Звязда», «Гомельская праўда», «Настаўніцкая газета», часопісаў «Маладосць», «Беларусь», «Родная прырода» і іншых. Выдадзены некалькі зборнікаў яго твораў. І зараз пяро аўтара вострае і дасціпнае. «Не магу не пісаць», – сцвярджае пісьменнік. Без яго твораў не абыходзіцца амаль ніводны нумар «Вожыка», гумарэскі, жарты, замалёўкі друкуюць іншыя выданні, у тым ліку і «Чырвоны Кастрычнік».
Віктар Аляксандравіч займае актыўную жыццёвую пазіцыю, заўсёды цікавіцца навінамі і падзеямі, якія адбываюцца ў раёне, у рэдакцыі раённай газеты, не адмаўляецца ад сустрэч са сваімі чытачамі і заўсёды жартуе і ўсміхаецца.
Дзейнасць Лоўгача В. А. адзначана таксама раённай уладай – ён атрымаў Ліст падзякі ад Акцябрскага райвыканкама.
Творчага натхнення вам на доўгія гады, паважаны Віктар Аляксандравіч!
Пішыце і радуйце сваіх чытачоў. Мы ганарымся вамі!
Алена СТАРЫНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.