Чым вас зацікавіла «Берагіня»?

Культура

IMG_5300Старшыня грамадскай наглядальнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Анатоль Іванавіч Бутэвіч:
– Я першы раз прысутнічаю на «Берагіні» – і фестываль аказаў на мяне вельмі пазітыўнае ўражанне падзеі грандыёзнага маштабу, дзе ўсе тэатральныя пастаноўкі і канцэртныя нумары заснаваныя на народным фальклоры. Гэта свята нацыянальнай беларускай культуры – скажу без перабольшання. Я думаю, што падобнаму фестывалю трэба даваць шырокую дарогу – не толькі намаганнямі Акцябрскага раённага і Гомельскага абласнога выканаўчых камітэтаў, але і стараннямі зацікаўленых дзяржаўных ведамстваў – Міністэрствамі культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэлевізійных каналаў. Чым шырэй мы зможам «Берагіню» прадставіць для блізкага і далёкага замежжа, тым больш вялікую выгаду атрымаем, бо бясспрэчна, што гэта праект нашага нацыянальнага гонару. Асабліва прыемна, што ў фестывалі ахвотна ўдзельнічаюць дзеці. Прычым, гэта з’ява не адзінкавая, а масавая. Больш дарослае пакаленне танчыла ўжо і ў мінулыя гады, працягвае і сёння, але велізарнай заслугай з’яўляецца далучэнне да танцаў і народных абрадаў дзяцей: бо менавіта яны ў хуткім часе стануць носьбітамі нашага нацыянальнага фальклору. Здабытак беларускай культуры, да якога я адношу народны фальклор, можа атрымаць развіццё і ўстойлівы ўзровень майстэрства толькі ў выпадку пераемнасці. Гэта значыць, прыкладу дарослых павінны прытрымлівацца дзеці.

IMG_5291

.Анастасія Комлік-Ямаціна, вядучы спецыяліст па фальклору Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці:
– Я прадстаўляю на фестывалі дзіцячую фальклорную групу «Валошкі» Новінскага сельскага дома культуры Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Усе нашы песні, танцы і вобразы запазычаны з рэальнага жыцця, якое добра знаёма сельскім дзецям і перадаецца ім ад папярэдніх пакаленняў. Радасна на душы ад думкі, што дзяцей, захопленых нацыянальнай культурай, у нашай краіне становіцца ўсё больш. Ды і людзі дарослыя таксама ўсё шырэй далучаюцца да маральных ідэалаў.
Паліна Багач, удзельніца творчага калектыву «Валошкі»:
– Я родам з вёскі Навіны. Вельмі рада таму, што апынулася на такім выдатным фестывалі. Тут мы шмат знайшлі сабе новых сяброў і адчуваем сябе далучанымі да карыснай справы. З задавальненнем выхожу на сцэну спяваць і танцаваць.
Вікторыя Шуран, удзельніца творчага калектыву «Валошкі»:
– Мне тут падабаецца таму, што фестываль дае магчымасць паглядзець на іншыя калектывы і павучыцца лепшым традыцыям. Я ўпэўнена, што хутка мы і самі ад гэтага станем лепш спяваць і танцаваць, весці карагоды. Ды і проста цікава, вельмі радасна і весела вакол!
Яна Клімовіч, удзельніца творчага калектыву «Валошкі»:
– Мне 8 гадоў. Ад фестывалю «Берагiня» я проста ў захапленні! Удзельнічаю ва ўсіх конкурсах, якія тут праводзяцца. Вельмі люблю танчыць: дзякуючы гэтаму, у намінацыі за выкананне народных беларускіх танцаў са сваім партнёрам Дзянісам Галубцом была ўзнагароджана Ганаровым дыпломам. Песні я таксама люблю не менш – таму і сёння разам з дзяўчатамі выходжу на сцэну. Я часта ўсміхаюся – за гэта ў ансамблі мяне называюць: «Наша сонейка!
Гутарыў Артур ПЫРКО.
Фота Юрыя Каспяровіча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.