Яны – у радах пераможцаў на ўзроўні краіны

Знай наших!

Трое нашых працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў прызнаны лепшымі ў рэспубліканскім спаборніцтве жывёлаводаў па выніках работы за 2013 год.

Стала ўжо добрай традыцыяй ушаноўваць самых дбайных работнікаў ферм, пачынаючы ад пастуха-даглядчыка і заканчваючы спецыялістамі сярэдняга і вышэйшага звяна на ўзроўні рэспублікі. Сапраўды, гэтыя шчырыя людзі, якія працуюць літаральна без выхадных з ранку і да прыцемку, забяспечваючы нас прадуктамі харчавання – малаком і мясам, – заслугоўваюць самых добрых слоў.
Па выніках работы за 2013 год, згодна з прадстаўленнем абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню, пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва па Акцябрскаму раёну вызначаны трое жывёлаводаў. Іх імёны ўжо надрукаваны ў цэнтральнай прэсе, а дакладней, у “Сельской газете”. Нам гэтыя перадавікі добра знаёмыя па ранейшых неаднаразовых публікацыях на старонках “раёнкі”, што невыпадкова: высокае званне правафланговага яны дастойна нясуць не першы год і з’яўляюцца прыкладам у працы для іншых. Вось некалькі малавядомых фактаў да партрэтаў нашых пераможцаў.

IMG_4535Мог бы стаць вайскоўцам

Пасля заканчэння Рэчыцкага зоаветтэхнікума Валерый Васільевіч Дайнека быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў недалёка – у Лунінцы ў ваенна-паветраных войсках. Ужо тады армейскае начальства, прыкмеціўшы кампетэнтнасць маладога ветэрынарнага ўрача, прызначыла яго загадваць падсобнай гаспадаркай часці. З гэтымі абавязкамі Валерый спраўляўся выдатна, таму яму і паступіла прапанова застацца служыць звыштэрмінова. Адмовіўся, бо трэба было дапамагаць хворым бацькам. Працаваў Валерый Дайнека і ў раённай ветлячэбніцы, і ветэрынарным урачом у калгасах імя Леніна (там у яго распараджэнні быў вялізны свінакомплекс) і “Бунёў”(тут ужо даводзілася лячыць баранаў і авечак), на працягу 14-ці гадоў збіраў смалу-жывіцу ў хімлясгасе. Зноў жывёлаводам стаў восенню 2011 года і, можна сказаць, адразу выйшаў у перадавікі. Толькі пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва В. В. Дайнека вызначаўся два гады запар, у тым ліку і летась. У сваёй даволі вялікай групе цялят узростам ад нуля да 4-х месяцаў на МТФ “Буда” ААТ “Краснаслабодскае” ён дасягнуў амаль кілаграмовых (986 г) сярэднясутачных прываг пры 100-працэнтным захаванні пагалоўя і выйшаў абсалютным пераможцам у раёне.
Як лічыць Валерый Васільевіч, такі вынік – не мяжа пры наяўнасці якасных кармоў і добрасумленнага падыходу да справы. Апошняга ж В. В. Дайнеку не займаць. Вось і сёлета па яго ініцыятыве і непасрэдным удзеле была абсталявана кашара на сухім месцы і кармавы стол, каб цяляты і надалей раслі дужымі і здаровымі.

IMG_4547Па прыкладу бацькоў

Першае рабочае месца сённяшняга брыгадзіра МТФ “Валосавічы” ААТ “Некрашынскі” Валерыя Міхайлавіча Тозіка не мела ніякага дачынення да жывёлагадоўлі. Скончыўшы Гомельскі кааператыўны тэхнікум, ён быў загадчыкам і адначасова прадаўцом магазіна ў родных Нястанавічах. Пэўны час узначальваў і ад- дзяленне паштовай сувязі Валосавічы. Аднак урэшце зразумеў, што гэта не яго справа і ўладкаваўся на ферму. Сказалася ўсё ж такі сямейная традыцыя: бацька доўга загадваў МТФ “Нястанавічы”, а маці працавала там даяркай.
У жывёлагадоўчай галіне Валерый Міхайлавіч Тозік шчыруе 15 гадоў, прычым, 7 апошніх з’яўляецца брыгадзірам адразу дзвюх ферм – у Валосавічах і Нястанавічах, маючы ў сваім падпарадкаванні каля 50 чалавек і амаль дзве з паловай тысячы галоў жывёлы. Калектывам задаволены: ён дружны і з’яднаны, таму многія задачы паспяхова вырашаюцца, як адбылося, напрыклад, летась. На валосавіцкай МТФ за 2013 год надой ад каровы склаў 5348 кілаграмаў малака – вышэйшы паказчык па раёну. Такім чынам, перакрыты рэкорд 2008 года па гэтай ферме, калі было надоена 5296 кг малака ў сярэднім ад буронкі, а брыгадзір Тозік тады стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў ў жывёлагадоўлі.
Свой поспех В. М. Тозік тлумачыць проста: у гаспадарцы створана надзейная кармавая база, што дазваляе ажыццяўляць аднатыпнае круглагадавое кармленне жывёлы, паляпшэнне дзякуючы рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў умоў працы і адпачынку, вялікая адказнасць кожнага – ад брыгадзіра да радавога працаўніка – за даручаную справу.

IMG_4564Калісьці і дзве тысячы было поспехам

Аператар машыннага даення Галіна Пятроўна Буракова з ААТ “Дзербін” выйшла ў пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сярод жывёлаводаў не ў першы раз. Агульны стаж яе работы ў вышэйназванай гаспадарцы складае без малога 25 гадоў. Але гэта яшчэ не ўсё. На радзіме – у вёсцы Зарэчча Веткаўскага раёна (яна зараз выселена з-за радыцыйнага забру- джвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС) – Галя, пачынаючы з 7-га класа, падчас летніх канікулаў падмяняла на ферме даярак, якія ішлі ў водпуск. Адразу прыйшла працаваць у жывёлагадоўлю і пасля пераезду ў Дзербін. Як успамінае Галіна Пятроўна, надоі тады былі даволі сціплыя, і атрымаць ад каровы за год 2 тысячы кілаграмаў малака лічылася вялікім поспехам. Параўнаць, пэўна, ёсць з чым: па выніках 2013 года Г. П. Буракова надаіла ў 3 разы болей, а дакладней, 6055 кілаграмаў малака і была прызнана лепшай па прафесіі сярод аператараў машыннага даення раёна. Яе імя занесена на раённую Дошку гонару, а зараз пазначана і ў “Сельской газете”.
У гэтыя дні Галіна Пятроўна 3 разы на дзень абслугоўвае 49 короў у летнім лагеры за вёскай Рог. Умовы ўтрымання жывёлы нармальныя. Дзякуючы гэтаму і ў дадатак вопыту і стараннасці Г. П. Буракова зноў у лідарах. Зараз надой ад каровы яе групы дасягае 17 кілаграмаў, што перавышае сярэднераённы паказчык.
Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *