Слова аб сапраўдным бібліятэкары

Общественность

Галіна Фёдараўна Кандратовіч  працуе бібліятэкарам Гацкай сельскай бібліятэкі ужо больш за 25 гадоў. За гэты час яна неаднаразова зарэкамендавала сябе як прафесіянал з вялікай літары.

Работу бібліятэкара не так проста ацаніць. Яна не вымяраецца колькасцю заробленых установай грошаў альбо аб’ёмам выкананай працы. Галоўны, мабыць, паказчык – гэта людзі, чытачы, якія зноў і зноў вяртаюцца ва ўтульны кніжны дом.
Галіна Фёдараўна карыстаецца павагай і любоўю ў вяскоўцаў. Заўсёды ветлівая, сардэчная, яна ўмее знаходзіць агульную мову з кожным чытачом, ведае, чым яго зацікавіць, што параіць пачытаць.
Для ўсіх, хто яе ведае, відавочна – гэта чалавек, улюбёны ў сваю справу. Да бібліятэкі яна прыкіпела сэрцам і душой, зрабіла гэту ўстанову культуры ўзорнай.
Адметнасць работы Галіны ў тым, што яна не абмяжоўваецца толькі выдачай літаратуры, а шмат праводзіць масавай работы з чытачамі. Сама піша сцэнарыі, складае віктарыны, праводзіць гутаркі.
Галоўныя і самыя дарагія яе чытачы – дзеці. Пазнаёміць іх з цудоўным светам кнігі, зрабіць так, каб дзеці палюбілі чытаць якасную, добрую літаратуру – гэта адзін з прыярытэтных накірункаў Гацкай бібліятэкі. Дзеля гэтага тут заўсёды маляўніча аформленыя стэнды з дзіцячай кнігай, праходзяць разнастайныя мерапрыемствы для маленькіх наведвальнікаў – конкурсы, падарожжы, этнаграфічна-гістарычныя гадзіны і іншыя. Напрыклад, тыдзень дзіцячай кнігі «Чтение – лучшее учение», які прайшоў у Гацкім дзіцячым садзе-базавай школе і ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Акрамя таго, пры бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне экалагічнага накірунку – «Пралеска». Займаюцца ў ім 12 вучняў, тут яны адкрываюць для сябя цудоўны і непаўторны свет прыроды.
Дарослыя чытачы таксама не застаюцца без увагі. Сёння востра стаіць пытанне прапаганды добрай, цікавай, якаснай літаратуры. Каб прыцягнуць увагу аўдыторыі да выданняў, кніжных навінак, свежых публікацый у перыёдыцы, у бібліятэцы пастаянна абнаўляюцца кніжныя выставы. Праходзілі, напрыклад, такія, як:
«Высоцкий: быть на земле человеком» (да 75-годдзя з дня нараджэння); «Жыве паміж намі дудар наш» (да 205-годдзя з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча); «Дорога, ведущая вниз» (да Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй), «Гарант законности прав и свобод – Конституция Республики Беларусь» .
Памятае бібліятэкар і пра пра тых вяскоўцаў, якім па стане здароўя цяжка наведаць бібліятэку. Ім яна кніжкі носіць дамоў.
Кажуць, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да Галіны Фёдараўны – у яе на ўсё хапае часу. Яе бібліятэка – гэта ўтульны, прыгожы, з густам аформлены дом, у якім прыемна знаходзіцца. Сярод жывых кветак, кампазіцый з сухаквецця, іншых прыродных матэрыялаў утульна адчуваюць сябе кнігі.
Аднак не толькі як цудоўнага бібліятэкара ведаюць Галіну Фёдараўну людзі. У яе актыўнае грамадскае жыццё – яна дэпутат Ламавіцкага сельскага савета і стараста вескі Гаць. Добра ведае не толькі сучаснае жыццё сялян, але і гісторыю вёсак Гаць і Заазер’е.
А. Чуева,
краязнаўца Акцябрскай ЦБ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.