Золата сям’і Раманоўскіх

Общественность

Пятага студзеня пяцідзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця адзначыла сямейная пара Раманоўскіх з вёскі Парэчча – Іван Рыгоравіч і Рэна Мікалаеўна. Разам з віншаваннямі і падарункамі ад родных і блізкіх людзей ім быў уручаны сертыфікат ад Парэцкага сельскага выканаўчага камітэта аб прысваенні ганаровага звання “Залатая пара” і сувенір з гэтай нагоды

Івана Рыгоравіча мы сустрэлі ля веснічак. Ён спяшаўся па сваіх справах у цэнтр вёскі.Аднак калі даведаўся пра мэту нашага прыезду, запрасіў у хату, дзе нас чакала гаспадыня. З першых жа хвілін размовы склалася ўражанне, што гэтых сціплых людзей з аптымістычным поглядам на жыццё ведаю даўно. З Рэнай Мікалаеўнай сустракаўся аднойчы звыш дваццаці пяці гадоў таму назад, падчас яе працы старшай піянерважатай у Парэцкай сярэдняй школе.Тады зацікавіла яе імя, таму на гэты раз не ўтрымаўся, каб не даведацца, чаму яе так назвалі.
– Дзякуй яшчэ, што не Мэта, як таго хацеў бацька. Але ж маці пачала плакаць, і ён пагадзіўся на Рэну. Мэта і Рэна – менавіта так звалі доктарак, якія прымалі роды.
Наогул з імёнамі ў вялікім родзе Грыгаровічаў адбываліся дзіўныя рэчы. Рэна, як і яе восем братоў і сясцёр, па бацьку запісаны Мікалаевічамі, хаця яго звалі Нарцыз. І толькі потым пры абмене пашпарта, ужо ў сталым узросце, змяніў сваё імя на Мікалая.
Маці Марыя афіцыйна па дакументах была Марфай, цётка Лена – Акулінай. Ды і саму Рэну аднойчы “перахрысцілі” у раённым аддзеле адукацыі, ад якога яна атрымлівала на пошце зарплату. Запісалі Рэгінай і давялося дабірацца ў райцэнтр, каб узяць даведку, што гэта менавіта яе зарплата. З чым толькі не сустрэнешся ў гэтым жыцці!
Нялёгка давялося бацькам у гады ваеннага ліхалецця. Мікалай Уладзіміравіч быў у партызанах, потым – у Чырвонай арміі. Усе цяжкасці і выпрабаванні ляглі на плечы Марфы Рыгораўны. У пачатку вайны ад цяжкай хваробы у васьмігадовым узросце памерла старэйшая дачка Інэса. Маладая жанчына, якой не было і трыццаці, пастаянна за сабой вадзіла карову, каб пракарміць чацвярых дзяцей. Аднойчы ў час аблавы немцы на вачах дзяцей застрэлілі карову, у хуткім часе спалілі і хату. Але сям’я выжыла.Толькі давялося вярнуцца жыць да бацькоў Марфы – Марыі Стэфанаўны і Рыгора Архіпавіча Кусковых.
Пасля вяртання з фронту бацька пайшоў працаваць у вясковую школу настаўнікам, а ў 1950 годзе яго прызначаюць дырэктарам Паселіцкай дзесяцігодкі ў Хойніцкім раёне
Мікалай Уладзіміравіч стараўся, каб дзеці былі накормлены і апрануты. Грошай не заўсёды хапала, але дапамагала тое, што Марфа Рыгораўна сама прала воўну, ткала, шыла адзенне.
– Маці была вельмі працавітая і добрая жанчына. Ніколі не скардзілася на жыццё. Імкнулася нікога не абдзяліць ласкай. Умела прыгатаваць смачны абед, каб накарміць вялікую сям’ю. Вечарамі шыла, вязала кручком. Я і зараз захоўваю многія матуліны рэчы: вышытыя навалачкі, фіранкі на вокны, карункі. Бацьку паўсюдна паважалі як адукаванага чалавека. Ён вельмі любіў спяваць беларускія, рускія, украінскія, польскія песні. Добра іграў на гітары, балалайцы, мандаліне. Гэтаму вучыў і дзяцей, і дарослых, калі ў іх узнікала такое жаданне, – гаворыць Рэна Мікалаеўна.
Быў вельмі лёгкі на пад’ём, хацеў, каб яго школа была лепшай і прыгажэйшай. Каля школы быў разбіты вялікі кветнік. І гэтае захапленне кветкамі перадалося нам, дзецям, на ўсё жыццё.
Мікалая Уладзіміравіча можна назваць сапраўднай палачкай-выручалачкай сістэмы адукацыі Гомельшчыны. У свой час ён вучыўся разам з тагачасным загадчыкам абласнога аддзела адукацыі Літвінавым. І вось калі патрэбна было недзе наладзіць вучэбны працэс, ён кідаў на прарыў свайго старога сябра. Званіў і гаварыў: “Давай, Уладзіміравіч, падымайся”. І той ехаў.
Таму сям’я Грыгаровічаў доўга на адным месцы не затрымлівалася. Хутка яго пераводзяць дырэктарам у вёску Карчовае таго ж Хойніцкага раёна.
– Аднойчы прыходзіць бацька і кажа, што яму ў чарговы раз прапанавалі працаваць дырэктарам школы. На гэты раз у Лельчыцкім раёне, – успамінае Рэна Мікалаеўна. – І што вы думаеце? Хуценька сабраліся і паехалі на новае месца. Мікалай Уладзіміравіч з вялікім энтузіязмам узяўся за справу: разам з калектывам зрабілі рамонт у школе, засадзілі агарод, кветнік, арганізавалі мастацкую самадзейнасць. Бацька выкладаў у школе фізіку, матэматыку, нямецкую мову, маляванне і спяваў разам з настаўнікамі, вучнямі, аднавяскоўцамі.
Маці плакала, калі даводзілася кідаць абжыты куток і ехаць у белы свет. Апошні пераезд быў у 1958 годзе, калі яны перабраліся у Парэчча. Мікалай Уладзіміравіч быў у захапленні ад мясцовай прыроды. Мабыць, для іх гэта было самае лепшае месца, бо яны засталіся тут назаўсёды.
У Парэччы Мікалай Уладзіміравіч выкладаў матэматыку. Парачукі ўспамінаюць, што ён быў выдатным арганізатарам, стварыў вялікі фальклорны калектыў, у якім налічвалася больш за сорак чалавек. Спявалі, танцавалі, ставілі пастаноўкі. З канцэртамі аб’ездзілі амаль усе вёскі Акцябршчыны.
Калі Рэна закончыла школу, у сувязі з недахопам настаўнікаў пачатковых класаў у Парычах адкрыліся скарочаныя курсы па іх падрыхтоўцы з тэрмінам навучання паўтара года. Сваю працоўную біяграфію яна пачала загадчыцай пачатковай школы ў вёсцы Турок Светлагорскага раёна. Далей былі Чырвоная Слабада, Булкаў, Чорныя Брады, пакуль не выйшла замуж і не асела ў Парэччы.
Ураджэнец Кашэвіч суседняга Петрыкаўскага раёна Іван Раманоўскі таксама спаўна спазнаў ваенныя нягоды. З вайны не вярнуўся бацька, і ў пасляваенны час месцам жыхарства Раманоўскіх стала вёска Растаў Акцябрскага раёна.
Пасля тэрміновай службы Івана ў Германіі маладыя хутка пасля знаёмства пабраліся.
– Куды перш за ўсё ідзе былы салдат? – гаворыць Рэна Мікалаеўна. – Вядома ж, на танцы. Там і пазнаёміліся.
– Прыйшоў з арміі, тайком украў і распісаліся , – з прысутным яму гумарам дапаўняе жонку Іван Рыгоравіч.
Згулялі вяселле. Хутка ў сям’і з’явіўся сын Анатоль, а потым – дачка Ірына. Бацька з маці стараліся зрабіць усё магчымае, каб было утульна, каб дзецям жылося добра. “Прабіваліся, як маглі”, – гаворыць зараз Рэна Мікалаеўна. Пабудавалі дом. Гаспадар, які быў трактарыстам, вывучыўся завочна на агранома ў Чырвонабярэжскім саўгасе-тэхнікуме. Жонка вяла ў школе групы падоўжанага дня, выкладала ў пачатковых класах, працавала старшай піянерважатай.
– Пасля нараджэння першага дзіцяці я была тонкая і звонкая, – смяецца Рэна Мікалаеўна. – І аднойчы бацька прыйшоў да Раманоўскага і сказаў, што калі будзеш дрэнна глядзець дачку, дык забяру дамоў назад.
– Як бачыце, не забраў. Значыць глядзеў добра, – уключаецца ў размову і нібыта кпіць з жонкі Іван Рыгоравіч.
– Свае дзеці раслі самастойна, – працягвае маці. – Ведалі, што бацькі цэлы дзень на працы: я – у школе, а бацька – брыгадзір паляводаў. Усё рабілі па гаспадарцы самі, дапамагалі нам. Добрыя дзеці выраслі, спагадлівыя і чулыя.
Анатоль пасля заканчэння Акцябрскага СПТВ-41 паехаў у Бабруйск, ажаніўся, працаваў на шынным заводзе. З дзяцінства любіў тэхніку, рамантаваў машыны, матацыклы.
Зараз – прадпрымальнік. Мае ўласны аўтамагазін, рэалізуе запчасткі і тэхніку. Таксама займаецца транспарціроўкай пашкоджаных аўтамабіляў, выкананнем земляных работ.
Ірына з самага маленства была творчай натурай, вельмі любіла спяваць. Ужо ў пачатковых класах выступала на сцэне. Вучылася ў Магілеўскім культасветвучылішчы, потым закончыла інстытут культуры ў Мінску. Дванаццаць гадоў спявала ў складзе народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш”. Затым зразумела, адчула сваім сэрцам, што можа значна больш. І пачала выступаць самастойна.
– Мы з бацькам вельмі любім сваіх дзяцей і ганарымся імі, – гаворыць Рэна Мікалаеўна. – Люблю бываць на канцэртах дачкі. А яна заўсёды аб’яўляе, што ў зале знаходзіцца яе мама. І дзе б ні праходзіў канцэрт, нават ў Палацы Рэспублікі, урачыста дорыць мне кветкі. Гэтыя хвіліны радасці, калі на вачах слёзы шчасця, гонар за сваё дзіця, не забываюцца ніколі.
– Для мяне народная песня – не проста музыка, гэта стан і патрэба душы, – дзеліцца сваімі думкамі на старонках часопіса “Алеся” Ірына Раманоўская. – Яна заўсёды знойдзе водгук у сэрцы слухача, якімі б не былі музычныя схільнасці чалавека.
– Калі ў складзе ансамбля “Неруш” ездзіла на гастролі за мяжу, нас заўсёды цёпла віталі ў Польшчы, Балгарыі, Амерыцы, Францыі, Сірыі, Егіпце, Нарвегіі, на Тайвані, – працягвае спявачка. – Дарэчы, памыляюцца тыя, хто лічыць народную песню лёгкім жанрам. Яна няпростая хаця б таму, што патрабуе “жывога” выканання, пажадана з аркестрам народных інструментаў. Толькі ў гэтым выпадку можна перадаць усю яе прывабнасць.
У мяне няма дыскатэчных, “фонавых” песень, без зместу, на музыку, якую нельга запомніць. Мае песні – для душы, для людзей, у якіх ужо склаўся ўласны светапогляд.
Ірына не парывае сувязі са сваёй малой радзімай, часта бывае дома. Штогод удзельнічае ў рабоце журы фестывалю творчых работ моладзі “Крокі”, які добра зарэкамендаваў сябе не толькі на Акцябршчыне.
Непрыкметна ляціць час. І Івану Рыгоравічу, і Рэне Мікалаеўне пайшоў восьмы дзясятак. Самі яны ўжо бабуля і дзядуля, маюць двух родных унукаў: Максіма – у Ірыны і Дзмітрыя – у Анатоля. Да таго ж, у траіх дзяцей Рэна Мікалаеўна – бабка-павітуха. У сям’і стараюцца перадаць дзецям і ўнукам народныя традыцыі, бо гэта дапаможа ім лепш пазнаць мінулае і ўсвядоміць сучаснасць. Сямейная пара Раманоўскіх пераканана, што трэба ахоўваць, берагчы не толькі радаводнае дрэва, але і кожную яго галінку, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем. І галоўнае багацце кожнага чалавека – яго дзеці і ўнукі, працяг іх роду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.