За плённую працу – удзел у саюзным форуме

Человек и его дело

У далёкім 1969 годзе гонару прадстаўляць родную Акцябршчыну на ІІІ Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў у Маскве была ўдастоена звеннявая па вырошчванні лёну з калгаса імя Кірава В. П. Жынко

Вера Паўлаўна нарадзілася і пражыла практычна ўсё сваё жыццё ў вёсцы Граб’ё. І толькі нядаўна, калі трохі здало здароўе, вымушана была пераехаць у Акцябрскі да малодшай дачкі Зінаіды. Аднак пажылую жанчыну ўсё роўна цягне да роднай вёскі, роднай хаты…
Сядзібу Жынко ў Граб’і, сапраўды, можна назваць легендарнай. Па пэўных звестках, адна са старых хат, што стаіць і зараз, была пабудавана больш за 100 гадоў назад. У час Вялікай Айчыннай вайны там размяшчаўся штаб фашысцкага гарнізона. Мабыць, таму хата і ўцалела.
– Хоць я была зусім малая, вайну я памятаю яскрава (Вера Паўлаўна 1940 года нараджэння – заўв. Аўт.), – гаворыць мая суразмоўца. – Шмат чаго нацярпеліся і ад немцаў, і ад іх прыслужнікаў. Вясною 44-га наша Граб’ё наогул магло поўнасцю вымерці. Частку аднавяскоўцаў тады змясцілі ў Азарыцкі лагер смерці, а іншых, у тым ліку і нашу сям’ю, пагналі ў Глускі раён. Там, у вёсцы Слабодка, фашысты нас загналі ў хлеў і хацелі падпаліць. Аднак якраз падаспелі партызаны. Адным словам, нам пашанцавала…
Як успамінае Вера Паўлаўна, вельмі цяжкім было і пасляваеннае жыццё. Дзякуй, што захавалася хата. Але ж трэба было падымаць сельскую гаспадарку. Спіну даводзілася гнуць ад зары да зары. І практычна задарма—за працадні. Тым не менш, Вера, працуючы ў паляводчай брыгадзе, усе даручэнні выконвала надзвычай добрасумленна. Працавітую жанчыну заўважыла кіраўніцтва і прызначыла звеннявой па вырошчванні лёну і канопляў (тады ў калгасе імя Кірава пад гэтыя тэхнічныя культуры адводзіліся даволі значныя плошчы). І вось за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці расліннаводчай прадукцыі Вера Паўлаўна Жынко была абрана дэлегатам на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў, які адбыўся ў лістападзе 1969 года.
– Дэлегацыя з Гомельшчыны цягніком накіравалася ў Маскву, – расказвае ганаровая калгасніца. – Уражанні ад удзелу ў такім велічным форуме засталіся незабыўнымі. Уявіце: я просты палявод, а тут перада мною прэзідыум з высокімі асобамі. Сам кіраўнік дзяржавы Леанід Ільіч Брэжнеў у перапынках з кожным дэлегатам з’езда вітаўся за руку, цікавіўся справамі. Да таго ж удзельнікаў чакала вельмі насычаная культурная праграма. Мы пабывалі і на ВДНГ, і ў Траццякоўскай галерэі, азнаёміліся з іншымі славутасцямі сталіцы. Адным словам, ёсць што ўспомніць, што расказаць…
У паляводстве Вера Паўлаўна адпрацавала 12 гадоў. У хуткім часе пасля памятнага для яе з’езда ў Граб’і пабудавалі новы клуб, і мясцовае кіраўніцтва прапанавала адной з лепшых працаўніц калгаса імя Кірава ўзначаліць гэтую культурную ўстанову. Так В. П. Жынко і прарабіла там цэлых 28 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак.
Родныя і знаёмыя Веры Паўлаўны асабліва адзначаюць такую рысу яе характару, як клопат аб дзецях і ўнуках. Рана аўдавеўшы, яна самастойна падняла на ногі сына і трох дачок. Усе яны атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, сталі дастойнымі людзьмі, за якіх маці ніколі не было сорамна. У нашым раёне іх многія добра ведаюць. Сын Мікалай – механізатар ААТ “Акцябрскі-Агра”, перадавік сельгасвытворчасці, быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Дочкі Алена – спецыяліст па кадрах ААТ “Ламавічы” і Зінаіда – старшая медсястра паліклінікі Акцябрскай ЦРБ. На вялікі жаль, нядаўна пайшла з жыцця старэйшая дачка Тамара (працавала банкаўскім работнікам). Працяг свайго роду бабуля бачыць ва ўнуках (іх шасцёра). Пра іх Вера Паўлаўна можа гаварыць бясконца. Яны таксама паважаныя людзі: ёсць сярод іх і ўрач, і прадпрымальнік, і дырэктар спартыўнай установы. Акрамя таго, Вера Паўлаўна мае і 5 праўнукаў. Пажадаем жа нашай гераіні працы, цудоўнай жанчыне і ўсім членам яе вялікай сям’і здароўя, шчасця і толькі прыемных успамінаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.