Кветкі да помнікаў і магіл мужных салдат

Общество

 

У пятніцу, 3 ліпеня, ўся краіна святкавала Дзень Незалежнасці. Па традыцыі свята адзначылі і ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Пачалося яно раніцай з ускладання кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі працоўных калектываў кветак да памятных мясцін райцэнтра. Афіцыйная частка ўрачыстага мерапрыемства працягнулася каля мемарыяла “Брацкія могілкі”. Як адзначылі ў прывітальным слове вядучыя мерапрыемства Сяргей Мартыненка і Таццяна Сухая, вось ужо які год на брацкіх могілках збіраюцца жыхары раёна, каб ушанаваць памяць загінуўшых воінаў і партызан, усіх, хто абараняў нашу краіну і наш раён у цяжкія гады Вялікай Айчыннай. Гэты год не стаў выключэннем, хоць са знамянальнай даты 1944 гада мінула ўжо нямала гадоў. Памяць пра яе захоўваюць у кожным доме і ў кожнай сям’і.

З прывітаннем да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня Акцябрскга райвыканкама Андрэй Бараноўскі. Ён падзякаваў ветэранам вайны за мір і незалежнасць, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага. Выступіла на мітынгу і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Надзея Пазняк. Ад імя моладзі Акцябршчыны слова трымала вучаніца сярэдняй школы №1 Дар’я Шурпач.

Затым былі ўскладзены кветкі да помнікаў і магіл мужных салдат Айчыны ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, Акцябрскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міра», грамадскіх арганізацый, партый і працоўных калектываў. Пасля хвіліны журботнага маўчання мітынг-рэквіем быў абвешчаны закрытым.

Адкрыццё памятнага знака воінам-интэрнацыяналістам

Цыкл ўрачыстых мерапрыемстваў прадоўжыўся цырымоніяй адкрыцця памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, нашым землякам, якія выканалі свой грамадзянскі абавязак у Афганістане.

Сведкі і непасрэдныя ўдзельнікі тых гераічных і трагічных падзей жывуць і ў Акцябрскім раёне. Удзельнікі мерыпрыемста сустрэлі іх дружнымі апладысментамі.

Узгадаем, што на адной з сустрэч воінаў-афганцаў з кіраўніцтвам раёна прагучала прапанова аб узвядзенні ў нашым раёне памятніка ці памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Старшыня райвыканкама Андрэй Бараноўскі гэтую прапанову падтрымаў. У хуткім чае ідэя пачала рэалізоўвацца. Сродкі на будаўніцтва і ўзвядзенне помніка былі сабраны на раённым суботніку. Над дызайнам праекта працавала творчая група, у якую ўваходзілі і воіны-інтэрнацыяналісты. І вось, напярэдадні 3 ліпеня памятны знак устанавілі  паміж мемарыялам “Брацкія могілкі” і Цэнтрам гісторыі і культуры. Адкрыццё прымеркавалі да Дню Незалежнасці.

Гэта пачэсная місія была прадастаўлена старшыні райвыканкама Андрэю Бараноўскаму і воіну-інтэрнацыяналісту Аляксандру Календаровую. Затым удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі памяці да падножжа памятнага знака.

Увечары святочная атмасфера запоўніла гарадскі парк. Акцябрычане з настроем спяшаліся на свята. Нават нечакана для ўсіх спыніўся зацяжны дождж, які не сціхаў амаль увесь выхадны дзень. На імправізаванай пляцоўцы прайшоў святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Акцябршчыны. Дарэчы, павіншаваць землякоў з Днём Незалежнасці прыехала са сталіцы наша зямлячка, знакамітая артыстка беларускай эстрады Ірына Раманоўская. Падчас святочнага канцэрта былі ўнагароджаны і пераможцы раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Валадар вёскі”. Узнагароды пераможцам уручыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Пузан.

Працягнулася свята на Цэнтральнай плошчы культурна-забаўляльнай праграмай і адпачынкам. А завяршылася – сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і святочным салютам.

Наталля Ёвенка. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *